BE RU EN

Выдаткі на ўтрыманне Пуціна і ягонага апарату вырастуць на 25%

  • 30.09.2024, 20:56

Улады РФ плануюць значна павялічыць зборы штрафаў з грамадзянаў і бізнэсу.

У 2025 годзе выдаткі на ўтрыманне Уладзіміра Пуціна і ягонага апарату павялічацца больш чым на чвэрць, вынікае з праекту дзяржбюджэту. Так, згодна з дакументам, выдаткі паводле артыкула «Прэзідэнт Расеі і яго адміністрацыя» вырастуць да 30,9 млрд рублёў, што на 25,6% больш, чым сёлета, паведамляе The Moscow Times.

Асноўным чыннікам павелічэння выдаткаў стане павышэнне заробку як для самога Пуціна, так і для супрацоўнікаў Крамля. Фонд аплаты працы адміністрацыі прэзідэнта, у якой працуюць блізу 1,5–2 тысячаў чалавек, у 2025-м вырасце з 18 да 21 млрд рублёў. Таксама плануецца значнае павелічэнне выдаткаў на набыццё тавараў і паслуг для кіраўніка дзяржавы і крамлёўскіх чыноўнікаў.

Акрамя росту выдаткаў на ўтрыманне прэзідэнта і ягонай адміністрацыі, у 2025 годзе чакаецца істотнае павелічэнне фінансавання вайны ва Украіне. Згодна з праектам бюджэту, выдаткі на «нацыянальную абарону» павялічацца амаль на 25%, дасягнуўшы 13,5 трлн рублёў, што складзе 32,5% ад усіх выдаткаў федэральнага бюджэту, запланаваных на ўзроўні 41,47 трлн рублёў. Пры гэтым на сацыяльную палітыку будзе вылучана ўсяго 6,49 трлн рублёў, што складзе толькі 15,7% ад агульнага аб’ёму выдаткаў. Раней сацыяльныя артыкулы бюджэту заўсёды займалі галоўныя пазіцыі.

На фоне росту выдаткаў на вайну і ўтрымання прэзідэнцкага апарату ўлады плануюць значна павялічыць зборы штрафаў з грамадзянаў і бізнэсу. У адпаведнасці з праектам федэральнага бюджэту, у перыяд з 2025 да 2027 года дзяржаўная казна спадзяецца атрымаць блізу 600 млрд рублёў (592,7 млрд) за кошт штрафаў, санкцый і кампенсацыі страты. З гэтых грошай блізу 60 млрд рублёў (19,1 млрд штогод) плануецца атрымаць за кошт канфіскацыі маёмасці грамадзянаў.

У 2025 годзе агульныя паступленні ад штрафаў павінны скласці 191,6 млрд рублёў, у 2026 годзе – 197,3 млрд рублёў, а ў 2027 годзе гэтыя грошы вырастуць да 203,8 млрд рублёў. У 2023 годзе план збору складаў 119,6 млрд рублёў, а ў гэтым годзе – 174,4 млрд. Для параўнання, у даваенным 2021 годзе за кошт штрафаў, санкцый і кампенсацыі страты ўлады мелі намер сабраць толькі 81 млрд рублёў.

Апошнія навіны