BE RU EN

Літва перадала ў МКС дакументы аб злачынствах рэжыму Лукашэнкі

  • 30.09.2024, 14:43

Пачалося расследаванне.

Міжнародны крымінальны суд (МКС) прыняў пакет дакументаў, якія даказваюць учыненне злачынстваў падчас жорсткіх рэпрэсій у Беларусі. Гэта было зроблена на запыт Літвы, якая з'яўляецца падпісантам Рымскага статута, паведамляе «Новая Газета. Балтыя”.

Пакет дакументаў быў юрыдычна аформлены і дастаўлены ў Гаагу. МКС прыняў яго для разгляду і пачне папярэдняе расследаванне, якое зойме мінімум некалькі месяцаў, але можа быць закончанае і да канца 2024 года.

Доўгі час менавіта Літва займалася зборам доказаў аб тым, што ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м уладамі ўчыняліся шматлікія злачынствы супраць чалавечнасці. Яна ўзялася за расследаванне першай крымінальнай справы аб катаваннях.

Цяпер гаворка ідзе аб тысячах фактаў. Толькі палітвязнямі былі прызнаныя 3,5 тысячы чалавек (некаторыя, адседзеўшы тэрмін, ужо выйшлі на волю). А некалькі чалавек, асуджаных паводле палітычных артыкулаў, памерлі ў месцах несвабоды - іх справы не расследаваныя належным чынам, заяўляюць праваабаронцы.

Адным з важных аспектаў, які будзе разгледжаны і які даў падставы пачаць працэс, - гэта выцісканне беларусаў пад страхам незаконнага крымінальнага пераследу за межы краіны. З розных ацэнакК, ад 300 да 500 тысяч чалавек вымушана пакінулі РБ пасля падзеяў 2020 года.

Чаму кейс быў сфармаваны толькі зараз? Юрысты на канферэнцыі, якая праводзілася ў Вільні, выказвалі такую думку: з аднаго боку, ёсць відавочныя складанасці працэсуальнага характару - як дапытаць абвінавачаных і сведкаў, сабраць доказы, выставіць абвінавачанне? Нават калі завочна асудзіць, дык што з таго? З іншага - не хапае палітычнай волі.

Працэс усё ж такі ссунуўся з месца дзякуючы літоўскаму ўраду. Наколькі сур'ёзным быў падыход, кажа той факт, што юрыдычным афармленнем дакументаў займалася самавітая лонданская кампанія, звязаная з Дорджам Клуні (актор актыўна ўдзельнічае ў руху для прыцягнення ўвагі сусветнай супольнасці да масавых злачынстваў).

- Для народа не можа быць нічога больш разбуральнага, чым быць збітымі прадстаўнікамі праваахоўных органаў за імкненне да свабоды, справядлівасці і дэмакратычнай будучыні, і ў выніку апынуцца пад уладай жорсткай дыктатуры, - заяўляла ў пачатку верасня на канферэнцыі ў Вільні міністарка юстыцыі Літвы Эвеліна Дабравольска. - Гэта спроба сцерці гісторыю і самабытнасць нацыі.

Апошнія навіны