Брытанская выведка: У Ціхарэцку і Таропцы знішчаныя 30 тысяч тон боепрыпасаў
- 29.09.2024, 14:13
Гэта найбольшыя страты РФ за час вайны.
У выніку ўдараў па складах з боепрыпасамі, якія былі нанесеныя ў ноч з 20 на 21 верасня 2024 года, расейскае тэрарыстычнае войска страціла дзясяткі тысяч тон боепрыпасаў. Знішчэнне арсеналаў у Ціхарэцку і Таропцы стала самымі вялікімі стратамі РФ з пачатку вайны.
Паводле папярэдніх звестак, усяго было знішчана не менш як 30 тысяч тон боепрыпасаў. Пра гэта ў сацсетцы Х паведамляе вайсковая выведка Вялікай Брытаніі.
У выведвальным ведамстве адзначылі, што з дапамогай беспілотных лятальных апаратаў украінскім войску ўдалося нанесці ўдар па складзе боепрыпасаў у Ціхарэцку ў Краснадарскім краі Расеі і яшчэ аднаму аб'екту ў Таропцы Цвярской вобласці.
Брытанская выведка падлічыла, што ўкраінскія БПЛА знішчылі не менш як 30 тысяч тон боепрыпасаў на адкрытым і бункерным захоўванні. Таксама ў ведамстве прагназуюць, што гэтыя ўдары, напэўна, выклічуць, як мінімум, кароткатэрміновыя перабоі ў пастаўках расейскай артылерыі і боепрыпасаў для стралковай зброі, крытычных рэсурсаў у вайне на знясіленне.
Акрамя таго паведамляецца, што агульны танаж боепрыпасаў, знішчаных на вайсковых аб'ектах, уяўляе сабой самую вялікую страту боепрыпасаў Расеяй падчас вайны. Пры гэтым у Брытаніі падкрэслілі, што на складах, магчыма, было ўзбраенне, якое РФ атрымала ад Паўночнай Карэі.
«Гэтыя буйныя ўдары, нанесеныя ў хуткай паслядоўнасці, дэманструюць, што нягледзячы на тое, што Расея размясціла шырокую эшаланаваную сістэму СПА, уключаючы знішчальнікі вакол Украіны, яна працягвае змагацца з украінскімі БПЛА, якія выкарыстоўваюцца ў аперацыях па глыбокім удары ў Расеі. Вельмі магчыма, што гэта прывядзе да далейшага разгрупавання расейскага лагістычнага ланцужка праз страх дадатковых удараў, павялічваючы нагрузку на і без таго напружаную сістэму», - спрагназавалі ў брытанскай выведцы.