BE RU EN

У Лаўрова абняславіліся з хлуснёй пра «збіты» ва Украіне F-16

  • 29.09.2024, 12:29

Расейскае МЗС выкарыстала фота самалёта, які ўпаў пяць гадоў таму ў ЗША.

Пасольства Расеі ў ПАР апублікавала ў сацсетцы X фатаграфію разбуранага самалёта F-16 з украінскім гербам на хвасце. З подпісу да фатаграфіі вынікае, што самалёт разбураны ва Украіне. Насамрэч, фатаграфія была зробленая ў ЗША ў 2019 годзе, а ўкраінскі герб на гэты самалёт дадалі з дапамогай фотарэдактара, піша «Агентство».

Дыппрадстаўніцтва апублікавала фатаграфію з подпісам «Калі вы пытаецеся ўкраінскіх пілотаў, дзе іх F-16». На фатаграфіі выява разбуранага самалёта з украінскім гербам на хвасце.

Насамрэч, на фатаграфіі выява F-16, які ўпаў у траўні 2019 года ў Каліфорніі. У выніку аварыі пацярпелі 13 чалавек. Да катстрофы прывёў збой у гідраўліцы самалёта. Арыгінал здымка можна ўбачыць, напрыклад, тут.

На арыгінальнай фатаграфіі ўкраінскага герба на хвасце самалёта не было. «Калі вашы склады боепрыпасаў працягваюць выбухаць, і вам даводзіцца публікаваць адфоташопленыя выявы F-16, каб падняць баявы дух», — пракаментаваў публікацыю вайсковы аналітык Олівер Аляксандэр.

Допіс пасольства быў апублікаваны ў пятніцу. За дзень да гэтага Расея нанесла ўдары па Украіне, пасля якіх пракрамлёўскія СМІ паведамілі аб знішчэнні некалькіх F-16 (спачатку гаварылася аб двух самалётах, потым - аб пяці). Пацвярджэння інфармацыі аб знішчэнні самалётаў дагэтуль няма. Частка паведамленняў аб гэтым грунтавалася на допісе ў Facebook нібы жонкі амерыканскага пілота, які, як пісаў The Insider, быў фэйкам.

Апошнія навіны