BE RU EN

У Расеі скардзяцца на школьныя падручнікі ў постсавецкіх краінах

  • 28.09.2024, 15:57

Праз негатыўны вобраз краіны.

Расея паказаная ў негатыўным вобразе ў новых падручніках гісторыі шэрагу краінаў былога СССР. Да такой высновы прыйшлі супрацоўнікі Інстытута навуковай інфармацыі грамадскіх навук Расейскай акадэміі навук (ІНІГН РАН), якія вывучылі матэрыялы.

Так, у падручніках пішуць, што Расея з'яўлялася каланіяльнай дзяржавай, якая прыгнятала народы на захопленых тэрыторыях і наносіла страты іх культуры, расказаў РБК адзін з суаўтараў даследавання Разіль Гузаераў.B>. У РАН мяркуюць, што такая інфармацыя можа спрыяць фармаванню негатыўнага стаўлення да Расеі і росту ксенафобіі і русафобіі ў будучыні.

Прыкладам з'яўляецца Казахстан, дзе расейская экспансія апісваецца як ваенна-каланіяльная палітыка, накіраваная на эксплуатацыю рэсурсаў і кантроль насельніцтва. Падручнікі акцэнтуюць увагу на голадзе 1921 года, які прывёў да масавых стратаў і пратэстаў, а перасяленчая палітыка Сталыпіна разглядаецца як крыніца сацыяльных канфліктаў.

У Азербайджане ўсталяванне савецкай улады апісваецца як ваеннае ўварванне з наступным прыгнётам народа. Сучасныя падручнікі таксама падкрэсліваюць ролю Расеі ў стварэнні Карабахскага канфлікту. Новыя падручнікі гісторыі ў Арменіі расказваюць пра гвалтоўнае далучэнне Усходняй Арменіі да Расеі. Раней на гэта адрэагавалі ў МЗС РФ, назваўшы навучальны матэрыял «правакацыяй».

У падручніках ва Узбекістане Расейская імперыя і Савецкі Саюз паказаныя як каланіяльныя дзяржавы, якія нанеслі страты нацыянальнай ідэнтычнасці і эканоміцы краіны. Тым не менш у адукацыйных матэрыялах Кыргызстана і Таджыкістана ўплыў Расеі ацэньваецца больш станоўча, асабліва ў кантэксце развіцця эканомікі і адукацыі ў савецкі перыяд.

У негатыўным святле Расея паказаная не толькі ў навучальных матэрыялах рэспублік былога СССР. Так, у падручніках Ізраіля Расейская імперыя і Савецкі Саюз апісваюцца як антысеміцкія дзяржавы. У іранскіх падручніках расейская палітыка часта асацыюецца з умяшаннем ва ўнутраныя справы Ірана і падтрымкай рэжымаў, выгадных у першую чаргу самой Расеі.

Апошнія навіны