BE RU EN

«Пажылыя людзі ў Беларусі могуць апынуцца на вуліцы»

  • 28.09.2024, 15:28

Прыватныя пансіянаты не прымаюць састарэлых.

З 1 кастрычніка ўлады Беларусі ўводзяць прымусовае ліцэнзаванне для прыватных сацыяльных пансіянатаў. Эксперты тлумачаць гэтую актыўнасць уладаў жаданнем пераарыентаваць сферу паслуг на дзяржсектар. Такое ўжо адбылося раней з таварыствамі ўласнікаў жылля, фітнэс-трэнерамі, дзіцячымі садамі і школамі.

Еўрарадыё разбіралася, ці атрымаецца ў такіх умовах уладкаваць сваяка ў дом састарэлых.

«Павінны адказаць тыя, хто прыдумаў гэтую працэдуру»

«Еўрарадыё» звязалася з адзінаццаццю пансіянатамі («Выток», «Гасцінны», «Старасць у радасць», «Ціхая гавань», «Пансіянат 5 зорак», «Формула дабрыні», «Жэмчуг», «Цеплыня любімых», «Шаноўны ўзрост», «Шаноўны ўзрост», «Дапамога блізкіх», «Лодэ»), і ўсюды нам адказалі, што вольных месцаў няма і невядома калі будуць.

З чым звязаны такі ажыятаж? Некалькі суразмоўцаў патлумачылі нам, што рэч у ліцэнзіі, якую ніхто не атрымаў.

Што будзе з людзьмі, якія ўжо знаходзяцца пад апекай прыватных пансіянатаў, іншы суразмоўца не змог сказаць.

«На жаль, я не магу адказаць на гэтае пытанне. На яго [пытанне] павінны адказаць тыя, хто прыдумаў гэтую працэдуру. У сутнасці атрымліваецца так, што людзі могуць апынуцца на вуліцы».

Дзяржаўныя пансіянаты, да якіх мы датэлефанаваліся («Гармонія», «Крыніца», Псіханеўралагічны інтэрнат №3), паведамілі, што месцы ёсць, але патрапіць туды можна толькі праз накіраванні, якія выдаюцца мясцовымі выканкамамі пасля праходжання медкамісіі і збору неабходных дакументаў.

Вельмі верагодна, што праз адсутнасць прыватных дамоў састарэлых хутка вырасце попыт на паслугі прыватных сядзелак і нянечак. Цяпер кошт такой паслугі, паводле інфармацыі сэрвісу rabota.by, складае ад 900 да 2000 рублёў на месяц.

«Я не ведаю, як бы мы выжылі, калі б не было гэтых пансіянатаў»

Можа здацца, маўляў, нічога страшнага, што сваяка можна аддаць толькі ў дзяржаўны пансіянат. Тут ужо каму як пашчасціць, але Алесь [імя мужчыны змененае з меркаванняў бяспекі] у размове з Еўрарадыё прызнаўся, што дзяржаўнай сферы не давярае.

«Тата жонкі пару дзён прабыў у гарадскім хоспісе – нам хапіла, каб усё зразумець».

Мужчына ў канцы 2010-х пачаў шукаць дом састарэлых, калі дапамога спатрэбілася ягоным бацькам і жончыным.

«У нас было трое бацькоў на забеспячэнні. Тата жонкі – ляжачы хворы, рак кішачніку, у маёй і жончынай маці – дэменцыя. Мы фізічна не маглі даглядаць іх і сачыць за імі. Мы жылі за горадам, а бацькі жонкі – у Менску, за 60 кіламетраў ад нас. Нейкі час мы з жонкай нават жылі асобна. Яна са сваімі бацькамі, а я з мамай. Часам нават даводзілася іх браць з сабой на працу, бо пакідаць адных было нельга. Мы доўга шукалі найлепшы варыянт. Дзяржаўныя пансіянаты нават не разглядалі».

Спачатку Алесь абраў пансіянат у Вішнёўцы, але гэты варыянт хутка адваліўся.

«Наяўнасць ліцэнзіі, добрыя ўмовы, кругласутачны кантроль за хворымі. Добрая кухня. Пакоі на 2-3 чалавекі. Аплата праз банк. Але гэты пансіянат знаходзіўся далёка ад нашага месца пражывання, і ездзіць туды кожны дзень было складана, але 2-3 разы на тыдзень мы іх наведвалі».

Праз некалькі месяцаў Алесь з жонкай знайшлі іншы прыватны пансіянат пад Менскам. Ён знаходзіўся за 15 кіламетраў ад іх дому і быў якраз па дарозе на працу.

«Там былі добрыя ўмовы. Пакоі на дваіх, кругласутачны догляд, добрае харчаванне. Наяўнасць ліцэнзіі і аплата праз банк. Наведвалі практычна кожны дзень. Але ў перыяд ковіду наведвання забаранілі, і мы перадавалі толькі прадукты, падгузнікі і лекі».

Мужчына кажа, што кіраўніцтва абодвух пансіянатаў заўсёды ішло на кантакт і ўсе пытанні развязваліся без асаблівых праблемаў.

«У абодвух пансіянатах быў чалавек з медыцынскай адукацыяй, які сачыў за пацыентамі і за прыёмам лекаў. На аплату ішлі ўсе пенсіі, і мы яшчэ даплачвалі прыкладна 100–150 долараў на кожнага з траіх бацькоў. Яшчэ, вядома, дапамагала наяўнасць свайго транспарту – і ў мяне, і ў жонкі былі машыны. Я не ведаю, як бы мы выжылі, калі б не было гэтых пансіянатаў».

Што будзе з прыватным сектарам догляду састарэлых і яго кліентамі, даведаемся ўжо ў кастрычніку.

Апошнія навіны