BE RU EN

Эксперт: Украіна змагла хутка аднавіць абаронна-прамысловы комплекс

  • 28.09.2024, 14:58

Гэта заўважылі і міжнародныя партнёры.

Міжнародныя партнёры Украіны зазначаюць, што падчас вайны краіна змагла хутка разгарнуць абаронна-прамысловы комплекс.

Гэта стала магчымым дзякуючы працы цяжкай прамысловасці, якая не толькі павялічыла аб'ём вытворчасці, але і прапанавала інавацыйныя ідэі.

Пра гэта расказаў «Апострофу» кіраўнік сакратарыяту Рады прадпрымальнікаў пры Кабінеце Міністраў Андрэй Заблоўскі.

«У нас вельмі добры прыклад, звязаны з АПК. І пра гэта кажуць усе міжнародныя партнёры – наколькі Украіна змагла хутка наладзіць пэўныя вытворчасці, у тым ліку артылерыйскіх патронаў. Не кажучы пра вельмі інавацыйныя віды ўзбраення, якія цяпер актыўна выкарыстоўваюцца і паказваюць эфектыўнасць на полі бою. А АПК супольна падтрымлівае многія прамысловыя галіны. І вельмі паказальна, як мы можам нават ва ўмовах вайны, выкарыстоўваючы абмежаваныя рэсурсы, мабілізаваць іх для таго, каб развязваць складаныя і канкрэтныя задачы», – адзначыў Заблоўскі.

Паводле ягоных словаў, Украіна цяпер развівае кластарны падыход да прамысловасці, і гэта таксама прыносіць свае вынікі. Такія кластары традыцыйна фармуюць вакол буйных галінаў, сярод іншых хімічнай і металургічнай. Аднак гэтыя галіны маюць патрэбу ў падтрымцы дзяржавы для забеспячэння далейшай эканамічнай бяспекі.

«Бізнэс ва ўмовах вайны знаходзіць магчымасці, нягледзячы на ўсе перашкоды. Цяпер задача ўлады – стварыць умовы і стаць гульцом з гледзішча экасістэмаў, даць магчымасці для развіцця інавацый і пошуку інвестыцыйных рэсурсаў. Гэтага будзе даволі. Дзяржава павінна быць праактыўная – не толькі там, дзе патрэбная прамая падтрымка ў выглядзе канкрэтных ільготаў або праграмаў», – дадаў Заблоўскі.

Ён таксама падкрэсліў, што ва ўмовах інтэграцыі ў Еўрапейскі Звяз важна не страціць прамысловы патэнцыял Украіны. Асаблівая задача развіцця АПК і забеспячэння перамогі ў тым, каб нарошчваць не толькі ваенна-прамысловы патэнцыял, але і прамысловы, як драйвер інавацый у іншых сектарах і развіццё ўсёй эканомікі, падкрэсліў эксперт.

Апошнія навіны