Беларускі патрапілі ў свежы нумар польскага Vogue
- 28.09.2024, 13:43
Але зусім не праз моду.
У свежым нумары польскага Vogue, які выйшаў 25 верасня, з'явіўся сюжэт пра беларускі жаночы хор SPIEVY. Ягоныя ўдзельніцы не толькі расказалі пра сваю дзейнасць, але і зняліся ў фотасесіі для мясцовага брэнду.
Хор SPIEVY, ці SPIEVY z-pad mosta, існуе ў Варшаве з вясны 2023 года. Ён аб'ядноўвае эмігрантак з нашай краіны, якія спяваюць у асноўным традыцыйныя беларускія песні (хоць і не толькі іх).
Заснавальніцамі калектыву сталі рэжысёрка Караліна Палякова і спявачка Руся, вакалістка гурта Shuma.
Пра тое, як праходзіла здымка, у сваім Instagram расказала ўдзельніца хору, рэжысёрка Аліна Мазавец.
– Vogue запрасіў нас на здымку і інтэрв'ю. У прызначаны дзень мы прыехалі ў офіс выдання, а там стыліст ужо сабраў для кожнай вобраз, зыходзячы з канцэпцыі хору SPIEVY. Нас нафарбавалі, прыбралі ў брэндавыя шмоткі, і мы выправіліся на лакацыю. Але вось нюансік: здымаліся мы для кастрычніцкага выпуску, толькі рабілі гэта ў самым пачатку верасня, у адзін з самых гарачых дзён, дзе тэмпература даходзіла да 30 градусаў і вышэй, – успамінала Мазавец. – Але шмоткі на нас былі ўжо цёплыя: футры, швэдры. На мне быў гарнітур цалкам са скуры. Вось наколькі былі прыгожымі мае боты, настолькі ж і нязручнымі, і на тры памеры большыя.
Паводле словаў удзельніцы хору, каманда польскага выдання Vogue была вельмі прыязнай і прафесійнай, а таксама патрабавальнай. Здымкі беларусак занялі ўвесь дзень.
– Гэта быў няпросты і каштоўны досвед, якому я вельмі ўдзячная. За кожнай прыгожай карцінкай стаіць вялікая праца, – дадала Мазавец.
Нагадаем, Vogue – адзін з найбольш уплывовых часопісаў аб модзе ў свеце.