BE RU EN

«SMS ад банка прыходзіць праз паўтары гадзіны пасля аплаты»

  • 28.09.2024, 12:57

Беларуска паскардзілася ў Нацбанк на махляроў і атрымала адказ.

Схемы ашуканцаў набываюць самыя розныя формы, і чытачка «Анлайнера» Еўдакія западозрыла, што можа патрапіць у адну з іх. Падставай для непакою сталі SMS ад банка, якія, на яе думку, ішлі на тэлефон занадта доўга пасля аплаты. Плюс адна фобія? Жанчына паскардзілася ў Нацбанк і атрымала адказ.

Еўдакія апісвае, што пасля аплаты картай у адной з крамаў SMS-апавяшчэнне пра аперацыю часам прыходзіла толькі недзе праз 30 хвілінаў пасля аплаты на касе.

Насцярожыла яе і такая сітуацыя: аднойчы пасля аплаты з дому пакупкі на маркетплейсе яна не атрымала паведамленне пра рэшту сродкаў на рахунку. «Баючыся, што стала ахвярай ашуканцаў, якія такім чынам могуць завалодаць наступны раз і SMS з 3D-кодам пацверджання, я адразу напісала скаргу ў Нацбанк», – кажа Еўдакія.

Пазней паведамленне ўсё ж прыйшло, але жанчыну гэта не супакоіла, «бо звычайна час ад аплаты да атрымання SMS складае толькі некалькі секундаў». Яна думае, што абвесткі павінны выпраўляць своечасова, а час чакання паўтары гадзіны занадта доўгі.

У адказе, які прыйшоў чытачцы, пацвярджаецца, што апавяшчэнне прыйшло да яе праз паўтары гадзіны.

У банка, які выпусціў картку, было сваё тлумачэнне гэтаму: «падвышаная транзакцыйная нагрузка» з рахункамі кліентаў і аперацыямі, якія праводзіліся ў апошні працоўны дзень месяца. У банку абяцалі правесці «адпаведныя мерапрыемствы», каб такога не паўтарылася.

Ці могуць ашуканцы перахапіць SMS, калі паведамленне ідзе так доўга? Запэўніваюць, што не.

«Фармат перадачы сфармаваных банкам SMS-паведамленняў пра зробленыя аперацыі аплаты да моманту накіравання аператару мабільнай сувязі выключае несанкцыянаваны доступ да названых паведамленняў», – гаворыцца ў адказе.

Дапоўнена

Як высветлілася, з такой сітуацыяй сутыкаюцца і кліенты іншых банкаў.

– SMS прыходзіць кожны раз па-рознаму: то праз хвіліну, а то вельмі часта і праз чатыры-пяць гадзінаў. Але бываюць і выпадкі, калі SMS пра транзакцыі, якія праводзіліся раніцай, прыходзяць а дзясятай-дванаццатай ночы, – апісвае сітуацыю Зміцер.

Мужчына кажа, што тэлефанаваў у тэхпадтрымку банка, але канкрэтнага адказу не атрымаў.

– Адзін час, месяцы тры таму, увогуле было такое, што ўсе SMS за дзень сталі прыходзіць пасля дзясятай вечару. Трохі развязаў праблему, цалкам адключыўшы SMS і ўключыўшы зноў праз пару дзён.

Вельмі няёмкай ён называе сітуацыю, калі SMS пра транзакцыі прыходзяць уразнабой і складана зарыентавацца, колькі грошай засталося на рахунку.

– Гэта значыць, зайшоў у некалькі крамаў па дарозе дадому, табе прыйшла спачатку SMS з другой крамы з рэштай сродкаў, потым з трэцяй, а потым а дзясятай вечару прыходзіць з першай крамы і з неактуальным балансам рэшты.

Апошнія навіны