BE RU EN

Камбат «Скалы»: Адбіваем у расейцаў не толькі вуліцы, але і населеныя пункты

  • 28.09.2024, 11:12

Украінскі вайсковец расказаў пра поспехі УСУ на Пакроўскім кірунку.

На Пакроўскім кірунку населеныя пункты кругласутачна «пераходзяць з рук у рукі», але штодня, на кожным адрэзку гэтага кірунку, хоць па адной вуліцы, украінскія абаронцы адбіваюць у ворага і робяць гэта вельмі ўдала. Пра гэта ў эфіры тэлемарафону расказаў камандзір 425-га асобнага штурмавага батальёна «Скала» маёр Юрый Гаркавы.

Ён адзначыў, што спектр усіх дзеянняў Узброеных сілаў Украіны дае свой плён.

«На сёння, за два тыдні вораг не прасунуўся. Наадварот, мы маем поспехі. Не буду з меркаванняў бяспекі казаць дзе менавіта. Але ўпэўнены, што яны (расейцы – УНІАН) нават кіраўніцтву свайму не дакладваюць, што тыя населеныя пункты ўжо не іх», – расказаў абаронца. Гаркавы акцэнтаваў:

«Адбіваем не толькі вуліцы, але і населеныя пункты, праўда, невялікія. На сёння Наваградаўка, Мікалаеўка – гэта там, дзе вораг спрабуе інтэнсіўна дзейнічаць, мы яму збіваем патэнцыял і рухаемся наперад».

Таксама, паводле ягоных словаў, вораг не наступае такім вялікім патэнцыялам, як гэта было нядаўна. Пры гэтым інтэнсіўнасць штурмаў расейскіх акупантаў не зменшылася, але ў пяхотных групах вораг задзейнічае значна меншую колькасць вайскоўцаў.

«Калі тыдзень таму ён яшчэ ішоў ад 20 да 40 чалавек на адну маю пазіцыю, то на сёння 3–6 яны сабралі. Але ўсё роўна ідуць. Гэта значыць, колькасць упала, але інтэнсіўнасць – не», – падкрэсліў ён.

Акрамя таго, сярод расейскіх акупантаў, якія за апошні тыдзень папоўнілі ўкраінскі абменны фонд у зоне адказнасці іх падраздзялення, прыкметна менш вайскоўцаў з прафесійным досведам.

«Гэта значыць, калі штурмавікі, то яны не такія дасведчаныя як былі раней», – дадаў ён.

Вайсковец мяркуе, што спектр усіх сродкаў, якія Сілы абароны Украіны падрыхтавалі расейскім акупантам, «зменіць сітуацыю цалкам і кардынальна», сярод іншага на Пакроўскім кірунку.

«На сёння трэба адсунуць ворага ад Пакроўска як мага далей – гэта я стаўлю сабе мэту і кіраўніцтва ставіць мне такія задачы», – рэзюмаваў камандзір 425-га АШБ «Скала».

Апошнія навіны