BE RU EN

Палітолаг: Лукашэнка спрабуе павысіць сваю каштоўнасць у вачах Пуціна

  • 27.09.2024, 20:35

Што стаіць за ядзернымі пагрозамі дыктатара.

Аляксандр Лукашэнка пачаў пагражаць Захаду ядзернай зброяй, хоць ніхто нападаць на ягоную краіну не збіраецца. Ёсць тры прычыны, чаму беларускі дыктатар робіць такія заявы.

Пра гэта ў каментары YouTube-каналу РБК-Украіна расказаў кіраўнік палітыка-прававых праграмаў Украінскага цэнтра грамадскага развіцця Ігар Рэйтаровіч.

«Гэтыя заявы робяцца, каб павысіць уласную значнасць. Гэта раз. Павысіць сваю каштоўнасць у вачах Пуціна. Гэта два», – сказаў ён.

І, па-трэцяе, паводле словаў палітолага, гэта элемент перадвыбарнай кампаніі, якую пачаў Лукашэнка.

«У яго ж выбары. Яму трэба з нечым туды ісці. Паколькі няма з чым туды ісці, усе цудоўна ведаюць, які ў яго ўзровень падтрымкі, ён гуляе адзінай картай, якая ёсць. ...> Гэта банальная прымітыўная логіка. І ён жа яе паўтарае наўпрост, калі там сустракаецца з працоўнымі калектывамі і з імі ўласна размаўляе», – адзначыў Рэйтаровіч.

На ягоную думку, беларусам трэба ведаць, што пасля таго, як на іх тэрыторыі з'явілася тактычная ядзерная зброя з РФ, яны як мінімум унесеныя ў планы, на ўсялякі выпадак, краінаў, якія валодаюць ядзернай зброяй і з'яўляюцца чальцамі NATO. Таму што, паводле слоў Рэйтаровіча, «яны не могуць не ўзяць да ўвагі, што на мапе з'явіўся новы пункт, дзе гэтая ядзерная зброя ёсць».

«І гэта зрабіў Лукашэнка. Лукашэнка зрабіў іх патэнцыйнай мішэнню на выпадак вайны, калі Расея яе пачне, бо там размешчаная расейская ядзерная зброя. Гэта адзіны факт, які мае месца. А нападаць, пры ўсёй павазе да нармальнага беларускага народа ў значнай ступені, тую Беларусь, дзе 99% не ведае тое, што там у свеце, а нават у Еўропе многія не моцна арыентуюцца, дзе гэтая краіна знаходзіцца і хто яе ўласна ўзначальвае», – дадаў палітолаг.

Апошнія навіны