BE RU EN

Падводзіць памяць?

  • 27.09.2024, 14:19

Чаму дыктатар зноў загаварыў пра «беларускі мабільны тэлефон».

Падчас наведвання БДУІР 27 верасня Лукашэнка паабяцаў стварыць айчынны мабільны тэлефон. Між тым, яго ўжо паказвалі 6 год таму.

- І айчынны мабільны тэлефон, аб якім надта шмат цяпер кажуць, мы таксама зробім. Абавязаныя зрабіць, бо гаджэты сёння, як вы бачылі апошнім часам (у Ліване - заўв.), ператварылі ў баявую зброю, - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Камічнасць эпізоду не толькі ў тым, што пасля трох дзесяцігоддзяў яго праўлення беларуская прамысловасць не ў стане стварыць гаджэт, які быў бы канкурэнтаздольным на рынку.

Недарэчнасць заявы дыктатара таксама ў тым, што шэсць гадоў таму (у 2018-м) улады ўжо заявілі аб стварэнні айчыннага смартфона на даручэнне Лукашэнкі, піша «Салiдарнасць».

Тагачасны старшыня КДБ Валеры Вакульчык нават паказаў журналістам дзяржСМІ «абаронены» гаджэт для ўрадавай сувязі.

Кіраўнік КДБ на блакітным воку заявіў, што смартфон ужо запускаюць у вытворчасць, што беларуская распрацоўка перасягае аналагі ў некаторых параметрах, што будзе арганізаваны экспарт гаджэта «некаторым дружалюбным дзяржавам».

Цішыня з тых часоў паказала, што айчынны смартфон быў убогай прыладай, якая не мела перспектыў. І вось Лукашэнка зноў ініцыюе распрацоўку айчыннага смартфона. Можа, 70-гадовага дыктатара пачала падводзіць памяць?

Апошнія навіны