У Беларусь уначы заляцелі адразу чатыры «Шахеды»
- 26.09.2024, 11:54
Адзін з іх прыбыў з Расеі.
Уночы 26 верасня ў паветраную прастору Беларусі праніклі не менш за чатыры іранскія дроны-камікадзэ тыпу «Шахед». Першы беспілотнік перасёк мяжу з Беларуссю а 00:13 у раёне населенага пункта Любеч, аднак праз 30 хвілін вярнуўся на тэрыторыю Украіны.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна.
Наступныя "Шахеды" былі зафіксаваныя ў Беларусі а 02:29, 03:05 і 03:52.
Асаблівую ўвагу прыцягнуў той факт, што адзін з дронаў заляцеў у паветраную прастору Беларусі не з Украіны, а з Расеі, рухаючыся ў кірунку Гомеля. Яго далейшы лёс застаецца невядомым.
Падчас начных інцыдэнтаў у небе над паўднёва-ўсходняй часткай Беларусі патрулявалі два знішчальнікі: першы ўзляцеў з аэрадрома «Баранавічы» а 00:30, другі - а 02:50.