BE RU EN

Politico: Украіна знайшла ідэальнага пасярэдніка ў мірных перамовах

  • 25.09.2024, 11:49

На гэтую краіну ўскладаюць вялікія спадзяванні.

Украіна знайшла ідэальнага пасярэдніка, на якога будзе рабіць стаўку ў мірных перамовах для спынення вайны з Расеяй. Гэта - прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі, піша Politico.

Высокапастаўлены ўкраінскі чыноўнік пацвердзіў выданню, што Індыя - вялікая надзея Кіева на ўкладанне мірнай дамовы:

“Са слоў чыноўніка, падчас летніх перамоў з Кіевам Модзі ясна даў зразумець, што, хоць Украіне непазбежна давядзецца пайсці на кампраміс у некаторых пытаннях, каб пакласці канец націску Масквы, усе прапановы аб спыненні вайны не павінны ўключаць перадачу тэрыторыі Расеі”.

У артыкуле адзначаецца, што хаця Індыя паслядоўна ўстрымліваецца ад асуджэння расейскага ўварвання ва Украіну, аднак пры гэтым выступае за павагу суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, а таксама за спыненне вайны. І, здаецца, застаецца адзіным рэальным варыянтам пасярэдніка сярод іншых магчымых кандыдатаў.

Як адзначае Politico, Швайцарыя і Аўстрыя сталі на бок ЕЗ у пытанні ўвядзення санкцый супраць Расеі. Дачыненні ЗША і Масквы знаходзяцца ў стане глыбокай замарозкі. Спробы Савудаўскай Арабіі адыграць ролю міратворцы былі няўдалыя, Кітай абвінавачваюць у актыўнай дапамозе Маскве ў ваенных дзеяннях, а ўрад Бразіліі Зяленскі раскрытыкаваў у гэтым месяцы за тое, што ён “стаў на бок Расеі”.

“Індыя, магчыма, адзіны сусветны гулец, які можа адыграць гэтую ролю - ці, прынамсі, адзіны, хто здольны пераканаўча ўявіць сябе ў якасці нейтральнага боку ў дачыненнях да Масквы і Кіева”, - піша выданне.

Апошнія навіны