BE RU EN

«Вялікая тэрыторыя заражаная»

  • 25.09.2024, 7:47

Экспэрт распавёў аб наступствах выбуху ракеты "Сармат" у Расеі.

У Расеі рэгулярна выпрабоўваюць ракеты "Сармат", а апошняе выпрабаванне зноў стала "падзеннем велічы РФ". Пра гэта ў каментары тэлеканалу Freedom сказаў авіяцыйны экспэрт, аналітык Канстанцін Крывалап.

“Ракеты “Сармат” у Расеі выпрабоўваюць з рэгулярнасцю, якой можна пазайздросціць, але яшчэ ні разу не запрасілі туды Пуціна. Бо, напэўна, Пуцін разумее, у яго нейкі нюх ёсць на патэнцыйную небяспеку. Як было б добра, калі б ён знаходзіўся ў самым цэнтры гэтых выпрабаванняў”, - сказаў экспэрт.

На ягоную думку, ракета ўзарвалася з-за азотнай кіслаты і выцеку паліва.

“Такую афарбоўку аблокі пры выбуху дае толькі акісляльнік, а менавіта азотная кіслата. А тое, што прывяло да выцеку паліва і такога ўзгарання, гаворыць аб падзенні імперскай велічы РФ. Бо там некалькі сістэм абароны, якія дублююць адна адну і якія павінны прадухіляць падобныя сітуацыі. Але яны не спрацавалі”, - растлумачыў экспэрт.

Ён адзначыў, што няўдалае выпрабаванне з'яўляецца ўнікальным, паколькі ў 60-х гадах 20 стагоддзя падобныя катастрофы ўжо здараліся, але тады быў пачатак ракетабудавання і з таго часу гэтага не паўтаралася.

“Я думаю, там вельмі шмат загінулых напраўду. І вакол - дастаткова вялікая тэрыторыя заражаная. Мы яшчэ не ўсё бачым, таму што азотная кіслата дзейнічае не вельмі хутка, яна ўплывае паступова”, - канстатаваў ён.

Нагадаем, што ў РФ падчас выпрабаванняў проста ў шахце ўзарвалася ядзерная міжкантынентальная балістычная ракета РС-28 “Сармат”. На месцы выбуху засталася варонка дыяметрам прыкладна 62 метры.

Крэмль афіцыйна не прызнаў няўдалае выпрабаванне ракеты "Сармат". Расейскія ўлады сцвярджаюць, што нічога не чулі пра інцыдэнт.

Апошнія навіны