BE RU EN

Польскі тэнісіст ахвяруе €100 за кожны эйс ахвярам паводкі

  • 24.09.2024, 21:29

У мінулым сезоне Хуберт Хуркач зрабіў больш за 1000 эйсаў.

Польскі тэнісіст, восьмая ракетка свету Хуберт Хуркач ахвяруе €100 за кожны свой эйс ахвярам паводкі ў краіне. Пра гэта ён паведаміў у сацсетцы Х.

Эйс – гэта падача на вылет, калі мяч трапіў у поле, але спаборнік не паспеў яго закрануць. Падавальнік жа перамагае бал у розыгрышы.

«Пачынаючы ад сёння і да канца сезону я буду ахвяраваць €100 за кожны эйс, каб падтрымаць пацярпелых ад разбуральных паводак у Польшчы. Для мяне спорт – гэта не проста спаборніцтвы, але і платформа для ўплыву», – напісаў Хуркач.

У мінулым сезоне Хуркач зрабіў больш за 1000 эйсаў. Падобнае ўдавалася толькі дзевяці тэнісістам у гісторыі.

У сярэдзіне верасня ў выніку моцных дажджоў у Цэнтральнай Еўропе пачалася адна з найбуйнейшых паводак за апошнія 20 гадоў.

У Польшчы 16 верасня ўвялі рэжым стыхійнага бедства. З рэчышча выйшла рака Ныса, у выніку вада паднялася ў Сілезскім і Ніжне-Сілезскім ваяводствах на поўдні і паўднёвым захадзе краіны. У некаторых раёнах змыла масты, у шэрагу населеных пунктаў пачалася эвакуацыя з дапамогай гелікаптэраў.

Апошнія навіны