BE RU EN

У Расеі павялічылася колькасць актыўных спажыўцоў гарэлкі

  • 24.09.2024, 17:44

Гэты напой п'юць 42,4% дарослых расейцаў.

Насуперак заявам уладаў аб перамозе над «алкагольным разгулам» у Расеі працягвае расці колькасць актыўных спажыўцоў гарэлкі. За апошні год яно павялічылася на 0,5 адсоткавага пункта і дасягнула 8,3% ад агульнай колькасці грамадзян, старэйшых за 18 гадоў, або 20% ад пакупнікоў алкагольнай прадукцыі. Гэта вынікае са звестак даследчага холдынгу «Рамір», піша The Moscow Times.

Агулам дзель дарослай аўдыторыі, якая ўжывала гарэлку цягам апошняга года, вырасла на 0,7 адсоткавага пункта, дасягнуўшы 42,4%. Пры гэтым асноўнымі спажыўцамі гарэлкі ў Расеі сталі расейцы, старэйшыя за 35 гадоў (80%). Як адзначылі ў «Раміры», гэта, як правіла, жанатыя мужчыны з даходам сярэднім і вышэйшым, без дзяцей або ў сям'і з адным дзіцем.

У той жа час колькасць расейцаў ва ўзросце ад 25 да 34 гадоў, якія набываюць гарэлку, за год знізілася на 15%. Аднак колькасць аматараў напою ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў, наадварот, вырасла на 7%.

Разам з тым сярэдні чэк на гарэлку за мінулы год павялічыўся на 9,9% - да 332 руб, а сярэдні аб'ём куплі вырас на 3,5% - да 0,49 літра. Пры гэтым частата купляў знізілася на 1,5%.

У тройку брэндаў-лідараў на расейскім гарэлачным рынку за год увайшлі «Тундра» (аўдыторыя 12,8%), «Фінскі лёд» (12,1% - год таму займаў першую пазіцыю) і «Талка» (11,3%). «Хорта» («Хорціца»), якая займала летась другі радок, зрушылася на восьмае месца.

Паводле звестак Федэральнай службы рэгулявання алкагольнага і тытунёвага рынкаў (Расалкагольтытунькантроль), у 2023 годзе продажы спіртных напояў у Расеі сталі рэкорднымі. Без уліку піва, сідру і медавухі расейцы набылі ў крамах 229,5 млн дэкалітраў (2,3 млрд літраў) такой прадукцыі. Гэта на 4,1% больш, чым у рэкордным 2022-м (220,4 млн дал або 2,2 млрд літраў).

Самым папулярным моцным алкаголем па-ранейшаму застаецца гарэлка, аб'ём спажывання якой практычна не змяніўся, знізіўшыся толькі на 0,8% – да 75 600 000 дал (або 756 000 000 літраў).

Таксама былі запатрабаваныя каньяк (13,9 млн дал), джын, віскі, ром, тэкіла (12,7 млн дал) і лікёра-гарэлачныя вырабы мацункам звыш 25 градусаў (14 млн дал).

Апошнія навіны