BE RU EN

«Сказаць, што я ў шоку - гэта наогул нічога не сказаць»

  • 24.09.2024, 12:58

Нябожчыку сыну жыхаркі Пухавіцкага раёна даслалі позву з РАУС.

Жыхарка Пухавіцкага раёна Менскай вобласці атрымала позву з РАУС, адрасаваную ейнаму сыну, які памёр больш за дзесяць гадоў таму, піша «Зеркало». Аб гэтым яна распавяла ў відэа, якое апублікавала ў TikTok.

- У мяне пытанне да следчых Пухавіцкага РАУС, вы мне не скажаце, што вы там паліце. Сёння прыйшла павестка 11 верасня 2024 года на адрас вёска Новы Уборак, вуліца Серэневая, дом 6. Ерамаловіч Яўгену Васільевічу заўтра, 12 верасня 2024 года, да дзесяці гадзін з'явіцца на адрас Мар'іна Горка, вуліца Чырвонаамрэйская, кабінет 30, да старшага следчага, - расказала жанчына.

Яна дадала, што, наколькі яна разумее, "у РАУС ёсць уся інфармацыя аб мясцовых жыхарах, наогул аб людзях". У сувязі з гэтым у яе ўзнікла пытанне, які можа быць павестка чалавеку, які ў 2013-м годзе памёр.

- Гэта мой сын. Ермаловіч Яўген Васільевіч. Я яго пахавала 9 ліпеня 2013 года. У якасці якога сведкі ён можа праходзіць у вас у справе, распачатай 26 лютага 2024 года. Сказаць, што я ў шоку - гэта наогул нічога не сказаць, я проста ў азвярэла, - выказала сваё абурэнне аўтарка роліка.

Карыстальнікі ў каментарах паспачувалі ёй, адзначыўшы, што гэта не проста памылка:

• А як маці па іншаму рэагаваць на такія позвы, калі ў чарговы раз нагадваюць пра сына… рана на сэрца ў маці ніколі не зажыве.

• І абразілі і пакрыўдзілі. Добрым словам рэдка хто ўспомніць (акрамя блізкіх). А вось гадасць якую зрабіць, дык і адтуль паднімуць.

• А вам не здаецца, што гэтая позва вельмі абразлівая і зневажальная? І што следчым трэба ў грамадзянкі папрасіць прабачэння з нізкім паклонам?

• За 11 гадоў памылку не выправілі?

• Чалавек памёр у 2013 годзе. Цікава, хто мог падаць яго звесткі ў міліцыі без яго пашпарта, тым больш сведкам?

• Добра б год, яшчэ можа быць тэарэтычна дзесьці сведкам і справа не закрытая, але тут больш за 10 гадоў няма чалавека.

Некаторыя выказалі здагадку, што гэта не следчыя памыліліся, а нехта проста назваўся чужым імем.

Іншыя каментатары падзяліліся падобнымі гісторыямі:

«У мяне муж памёр у 2012 годзе, і яму дагэтуль прыходзіць паведамленне аплаціць штраф. Нават штраф прыйшоў пяць тысяч рублёў за тое, што не аплачвае».

«Сусед памёр у 2016 годзе. Рахункі прыходзілі да чэрвеня 2024 года на ягонае імя. Жонка памерла ў чэрвені 2024 года. Просяць яе з'явіцца ў ЖКГ».

«Знаёмы ў вышуку быў і міліцыя бегала яго шукала, а ён у гэты час сядзеў на зоне».

Апошнія навіны