BE RU EN

Расейскаму мастаку Слонаву вынеслі прысуд за неваляшку

  • 24.09.2024, 11:58

Неваляшкі паводле пастановы суда ў Краснаярску будуць знішчаныя.

Суд у Краснаярску прызнаў мастака Васіля Слонава вінаватым у неаднаразовай дэманстрацыі экстрэмісцкай сімволікі і прысудзіў яго да аднаго года папраўчых работ. Пра гэта паведаміў тэлеканал «ТВК».

Таксама ў Слонава будуць утрымліваць 15% ад заробку на карысць дзяржавы. Суд замяніў мастаку хатні арышт на падпіску аб нявыездзе да ўступлення прысуду ў дзеянне. Раней пракурор запытаў для Слонава два гады абавязковых работ.

Мастак будзе абскарджваць прысуд, асабліва яго абурае пастанова суда знішчыць неваляшкі, на аснове якіх вялося абвінавачанне.

«Я узрушаны ўдвая пастановай аб знішчэнні культурных каштоўнасцяў нашай радзімы. Дзве неваляшкі, якія зараз знаходзяцца ў няволі, трэба вызваляць, трэба выбаўляць нейкім чынам. Акрамя таго, што яны з 7 лютага знаходзяцца ў зняволенні, яны прысуджаныя да знішчэння. Я думаю, што іх месца ў Эрмітажы ці Расейскім музеі», - сказаў Сланоў журналістам.

Нагодай для распачынання крымінальнай справы сталі два творы Слонава – неваляшкі з васьміканцовымі зоркамі, выяву якіх следства суаднесла з рухам «Арастанцкае крымінальнае адзінства» (АКА), забаронены ў Расеі як экстрэмісцкі.

Падчас суда Слонаў не прызнаў віну і сказаў, што ў ягоным выпадку мастака судзяць за твор. Ён адзначыў у апошнім слове, што калі пракурор і суддзя не бачаць розніцы паміж творам мастацтва і тату, "то гэта - праблема іх культурнага ўзроўню" і ў такім выпадку неабходна запрасіць культуролагаў і мастацтвазнаўцаў.

Слонава затрымалі 9 лютага. У гэты ж дзень яго жонка Алена апублікавала ў сацсетках пастанову аб распачынанні крымінальнай справы. Пазней высветлілася, што падставай крымінальнай справы стала лялька-неваляшка з васьміканцовымі зоркамі, падобнымі на турэмныя тату, за якую раней Сланова аштрафавалі. Мастак не выдаліў яе фота з “ВКонтакте” пасля пастановы суда. У 2021 годзе Слонаў стварыў з жалезных прутоў матрошку-клетку. Мастак адзначыў, што матрошка заўсёды была "глабальным сімвалам Расеі".

Апошнія навіны