BE RU EN

Беларуска: З такім рахункам за ваду можна было трымаць дома слана

  • 24.09.2024, 10:47

Чым можа абярнуцца зламаны лічыльнік.

Чытачка сайта Charter97.org расказала, як зламаны лічыльнік прывёў да таго, што за ваду ёй давялося заплаціць 115 рублёў:

- У нашай сям’і аплатай камунальных паслуг займаюся я. Дык вось, калі я зірнула на лічыльнік, каб зняць звесткі, колькі спажыта халоднай вады за месяц, заўважыла што лічыльнік перастаў працаваць. Я звярнулася ў ЖЭС, лічыльнікі нам хутка памянялі, але калі надышоў час аплаціць рахунак, то сума выйшла ў разы большая. Пачала я разглядаць рахунак, а нам за месяц, у якім мянялі лічыльнікі, налічылі больш за 40 кубоў халоднай вады і столькі ж каналізацыі. І выставілі за аплату за адну ваду 115 рублёў!

Я пачала разбірацца, чаму нам паставілі такую колькасць кубаметраў. І ў адказ атрымала тлумачэнне, што згодна з іх дакументамі нам за месяц налічвалі 271 літр вады на чалавека на дзень, а раз у нас сям’я з 4 чалавек, то згодна з іх налічэннямі мы за гэты месяц спажылі 40 кубоў халоднай вады! Куды я толькі не хадзіла і не званіла. Мне падаецца, што ў такой сітуацыі трэба браць сярэдні паказчык спажытай вады за паўгода. Калі ў нас штомесяц спажываецца халоднай вады ад 7 да 10 кубаметраў, то з якога перапуду мы раптам спажылі ў чатыры разы больш?

Ды з такой колькасцю вады мы б маглі ўтрымліваць у кватэры слана, які б штодзень прымаў ванны ды паліваў з хобата людзей на дварэ.

Мне страшна падумаць, а калі б у нас зламаўся лічыльнік гарачай вады? То, напэўна, мне б давялося ўвесь свой настаўніцкі заробак аддаць на аплату казачнага рахунку?

Ва ўсёй гэтай сітуацыі самая крыўднае, што я не змагла анідзе дабіцца праўды. І мушу заплаціць грошы за ўзятыя з галавы кубаметры вады. Вось такая яна, сацыяльна арыентаваная дзяржава…

Апошнія навіны