Гарадзенскія «Мальдывы» паступова сыходзяць «пад зямлю»
- 24.09.2024, 10:41
Плошча воднага люстэрка скарачаецца.
Кар'еры Сінька і Зялёнка, размешчаныя ў лясным масіве недалёка ад КСМ, добра вядомыя некалькім пакаленням гарадзенцаў. Калісьці тут здабывалі сыравіну для камбіната будматэрыялаў, а потым катлаваны запоўнілі вадой, піша Newgrodno.
Тады кар'еры і сталі папулярным месцам для адпачынку. У цёплы час тут купаліся, а яшчэ на берагах ладзілі пікнікі. Адпачынак, зрэшты, быў небяспечным. Вялікая глыбіня, стромкія берагі, абрывы. Людзі ў кар'ерах танулі рэгулярна.
Купанне забаранілі. Усталявалі адпаведныя таблічкі. Але на іх зважалі далёка не ўсё. Таму з праблемай надумалі змагацца радыкальна. Кар'еры сталі засыпаць.
Цяпер жа плошча воднага люстэрка ў той жа Сіньцы сур'ёзна скарацілася. І прычына тут не ў засусе. У кар'ер рэгулярна звозяць грунт. Грузавікі тут з'яўляюцца адзін за адным.
Змены прыкметныя няўзброеным вокам. Там, дзе была вада - роўная пясчаная пляцоўка. Потым, відаць, яе засадзяць лесам.
На жаль, разам з пяском часам у кар'ер звозяць і будаўнічае смецце. Дзе-нідзе па берагах можна знайсці і рэшткі бетону, і нейкіх дошак. Бытавыя адкіды таксама трапляюць у кар'ер. Па вадзе, напрыклад, плаваюць пустыя бутэлькі.
Але яны, магчыма, з'явіліся тут "дзякуючы" адпачывальнікам. Відаць, што нехта ўсё яшчэ прыходзіць на кар'ер на рыбалку. А нехта распальвае вогнішчы і ладзіць пікнікі. Наколькі прыемна адпачываць у такіх мясцінах? Пытанне рытарычнае.
Адзначым, што рэкультывацыя кар'ераў - працэс працяглы. У выпадку з Сінькай і Зялёнкай ён можа расцягнуцца на гады. Усё ж гэта аб'ёмныя і глыбокія кар'еры. Зрэшты, справа рухаецца і яны паступова знікаюць з карты горада.