BE RU EN

«Чыноўнікі баяцца нават мяне, лядашчай пенсіянеркі!»

  • 24.09.2024, 10:24

Беларуска расказала пра паход на прыём да мясцовых уладаў.

Чытачка сайта Charter97.org піша пра паход на прыём да чыноўнікаў. Як высветлілася, трапіць на прыём нават да мясцовых уладаў - сапраўдны квэст:

- Сяджу я на пенсіі, падзецца ў нашым невялікім мястэчку няма куды, пенсія малая, дачцэ дапамагчы хочацца, таму надумала я ўзяць сабе ў арэнду невялікі пляц зямлі пад агарод, піша наша чытачка Алена.

З гэтай прычыны атрымала я з падатковай ліст з патрабаваннем аплаціць зямельны падатак, але быў ён нейкі высокі, таму наважыла я схадзіць на прыём да “слуг народа”. Сядзяць яны ў нас у цэнтры мястэчка ў будынку, які местачкоўцы называюць “белым домам”. Што абсалютная праўда, бо патрапіць туды — гэта задача з зорачкай. Нібы ў Капітолій! Спачатку трэба прыйсці на вахту і запісацца на прыём. Усё ж дзейнічае сістэма аднаго акна, а ўжо колькі парогаў ты абаб’еш, пакуль дойдзеш – гэта ўжо нікога не цікавіць.

Дачакалася я сваёй даты, адзела свой найлепшы пенсіянерскі ўбор дый рушыла. Але імпэт мой быў знішчаны дарэшты на кантрольным пункце. Спачатку ў мяне спраўдзілі дакументы, а менавіта пашпарт. Пасля па ўсіх маіх старэчых касцях прайшліся металашукальнікам, ну і, не знайшоўшы аніякай паўстанцкай зброі, запатрабавалі вытрасці рыдыкюль, каб пераканацца, што я не нясу ніякай пагрозы для служак народу.

Прайшла я ўсе гэтыя прыніжальныя для маёй годнасці працэдуры і, падымаючыся па сходах, падумала, што ведаюць служкі народа, як іх той народ любіць, таму сядзяць і трасуцца. Баяцца нават мяне, лядашчай пенсіянеркі!

Апошнія навіны