BE RU EN

Для школы ў Слоніме набываюць форму Трэцяга рэйху

  • 23.09.2024, 21:18

На адзенне і рыштунак вылучаюць да 15 тысячаў рублёў.

Уніформу, амуніцыю і аксэсуары вайскоўцаў нямецкага войска часоў Другой сусветнай вайны вырабяць для сярэдняй школы № 9 імя Сухамліна ў Слоніме, заўважыла выданне Hrodna.life.

Запрашэнне да ўдзелу ў закупках 18 верасня размясціў Слонімскі раённы цэнтр для забеспячэння дзейнасці ўстановаў сферы адукацыі.

Усяго слонімскай школе трэба 69 адзінак уніформы, рыштунку і аксэсуараў салдатаў нямецкага войска часоў Другой сусветнай – 17 найменняў.

Набыць хочуць камплект формы афіцэра і восем камплектаў палявой формы, патронную і сухарную сумкі, а таксама скураны лапатны чахол. Прадметы павінны быць вырабленыя паводле ўзораў 1911–1945 гадоў.

На куплю плануюць выдаткаваць да 15 000 рублёў. Прапановы збіраюць 18–23 верасня, а паставіць форму мусяць да 20 снежня 2024 года.

Невядома, дзеля чаго школе нацысцкая форма. Магчыма, яе будуць выкарыстоўваць для рэканструкцый ці для экспазіцыі школьнага музея, піша выданне.

Укладальнікам тэхзадання на куплю ўказаны Васіль Рап'явец – гэта школьны кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання і кіраўнік метадычнага фармавання ў гэтым кірунку ва ўсім раёне.

Апошнія навіны