BE RU EN

Ізраіль пачаў ваенную аперацыю ў Ліване

  • 23.09.2024, 20:52

На тэрыторыі Ізраіля ўводзіцца рэжым надзвычайнай сітуацыі.

Кіраўнік Генеральнага штаба Ізраіля генерал-лейтэнант Герцы Халеві паведаміў, што сёння раніцай ЦАХАЛ пачаў «апераджальную наступальную аперацыю». Апошнія дні Ізраіль наносіў удары па тэрыторыі паўднёвага Лівана і па сталіцы краіны, Бейруце.

Мэтай аперацыі Халеві назваў інфраструктуру шыіцкай групоўкі «Хезбала». «У сутнасці мы нацэльваемся на баявую інфраструктуру, якую “Хезбала” будавала апошнія 20 гадоў. Гэта вельмi важна. Мы наносім удары па цэлях і рыхтуемся да наступных этапаў, пра якія я раскажу ў найбліжэйшы час», – сказаў ён.

Кіраўнік Генштаба падкрэсліў, што задачай ваеннай аперацыі з'яўляецца «стварэнне ўмоваў для вяртання жыхароў поўначы [Ізраіля] ў свае дамы».

На тэрыторыі Ізраіля ўводзіцца рэжым надзвычайнай сітуацыі, пастанова ўжо прынятая ўрадам, паведамляе The Times of Israel. Ён можа дзейнічаць цягам 48 гадзінаў, калі не будзе прадоўжаны пастановай міністраў.

Жыхарам Лівана, якія знаходзяцца недалёка ад аб'ектаў, што выкарыстоўваюцца рухам «Хезбала», варта неадкладна пакінуць гэтую тэрыторыю, заявіў прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху ў сваім звароце.

Паводле ягоных словаў, Ізраіль вядзе вайну не супраць ліванцаў, а супраць «Хезбалы».

«Занадта доўга “Хезбала” выкарыстоўвала вас як жывы шчыт, размяшчаючы ракеты ў вашых гасцёўнях і пускавыя ўстаноўкі ў вашых гаражах, якія накіраваныя з вашых гарадоў наўпрост на нашых грамадзянаў. Каб абараніць наш народ ад удараў “Хезбалы”, мы павінны нейтралізаваць гэтую зброю», – сказаў ізраільскі прэм'ер у звароце на ангельскай мове.

Ён дадаў, што Войска абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) апавяшчае ліванцаў пра неабходнасць трымацца далей ад небяспечных месцаў. «Калі ласка, зрабіце гэта наўпрост цяпер», – падкрэсліў Нетаньяху.

Апошнія навіны