BE RU EN

Падатковая звярнулася да ўладальнікаў менскіх маршрутак

  • 23.09.2024, 19:40

Падаткавікі заявілі аб «апошнім шанцы».

Управа аператыўных мерапрыемстваў інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў у сваім тэлеграм-канале звярнулася да ўладальнікаў менскіх маршрутак. «Вам выпаў «апошні шанец» добраахвотна пераасэнсаваць свае бізнэс-падыходы і ўзняць падатковую культуру на ўзровень, які адпавядае сталіцы», — гаворыцца ў паведамленні.

Як зазначаецца, сёння ўправа накіруе даручэнне ў раённыя падатковыя інспекцыі Менска. У ім пастаўленая задача вывучыць два аспекты дзейнасці:

прывядзенне ў адпаведнасць фактычнага ўзроўню аплаты працы кіроўцаў да дэклараваных паказчыкаў;

дакладнае адлюстраванне ў падатковай справаздачнасці фактычнай колькасці наёмных работнікаў.

- Нічога новага і страшнага. «Страшна» будзе тады, калі мы пачнём персанальна працаваць з тымі, хто праігнаруе прафілактычныя сігналы і бестурботна працягне свае супрацьпраўныя паводзіны, - папярэдзілі ў падатковай.

18 верасня прайшла нарада, арганізаваная ДУ «Сталічны транспарт і сувязь». Там прысутнічалі і прадстаўнікі Управы аператыўных мерапрыемстваў інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў.

- Не ўсё так змрочна ў гэтай сферы, як на карціне рынку пасажырскіх перавозак, намаляванай нядобрасумленнымі бізнэсоўцамі. Ёсць у шэрагах сталічных перавозчыкаў годныя прадстаўнікі бізнэсу, якія, напрыклад, выплачваюць сваім работнікам 2500—3000 рублёў «белага» заробку. А калі яны ўмеюць, то і ва ўсіх павінна атрымлівацца, - мяркуюць ва ўправе.

Апошнія навіны