BE RU EN

Урад Брытаніі хоча прыцягнуць геймераў у войска

  • 23.09.2024, 19:10

Каб дапамагалі ўзмацняць кіберабарону.

Міністр абароны Вялікай Брытаніі Джон Гілі анансаваў планы па рэкрутынгу геймераў ва Узброеныя сілы краін, каб тыя дапамагалі ўзмацняць кіберабарону.

Аб гэтым ён сказаў на штогадовым з'ездзе брытанскай Лейбарысцкай партыі, паведамляе BBC.

У сваёй прамове Гілі абвясціў аб планах прыцягнуць кампутарных геймераў да новых намаганняў па кіберабароне, сцвярджаючы, што «калі вы найлепшы геймер - вы патрэбныя сваёй краіне» і што брытанскаму войску бракуе аператараў беспілотнікаў.

«Вы можаце бачыць, як змяняецца характар вайны ва Украіне, дзе спалучэнне артылерыі і беспілотнікаў выклікае пераважную большасць ахвяр», – адзначыў ён.

«Навыкі, якімі валодаюць аператары беспілотнікаў, шмат у чым супадаюць з навыкамі, з якімі некаторыя з нашых найлепшых воінаў у цывільным жыцці добра спраўляюцца», - дадаў кіраўнік Мінабароны Брытаніі.

Таксама Гілі абвясціў аб паслабленні медыцынскіх супрацьпаказанняў да службы ў войску: людзі з астмай і акнэ ўжо не будуць уважацца за непрыдатных.

Гэтыя крокі з'яўляюцца спробай новага ўрада Брытаніі выправіць дэфіцыт кадраў ва Узброеных сілах і выправіць сітуацыю, якая, са слоў лейбарыстаў, «значна горшая, чым мы думалі».

Паводле апошніх звестак Міністэрства абароны Брытаніі, у рэгулярным войску краіны зараз служаць 74 296 вайскоўцаў, у параўнанні з 79 330 у кастрычніку 2019 года.

У ліпені новы лейбарысцкі ўрад Вялікай Брытаніі абвясціў аб пачатку Стратэгічнага абароннага агляду Узброеных сіл, закліканага праверыць іх гатоўнасць да супрацьстаяння цяперашнім пагрозам.

Апошнія навіны