BE RU EN

Гарыс абяцала падтрымаць крыптавалюты і ШІ

  • 23.09.2024, 18:17

Яна першы раз абазначыла сваю пазіцыю ў пытанні рэгулявання лічбавых актываў.

Кандыдатка ў прэзідэнты ЗША ад дэмакратаў Камала Гарыс паабяцала падтрымаць крыптавалютную галіну ў выпадку перамогі на выбарах у лістападзе гэтага года, піша a target="_blank" href=https://www.bloomberg.com/europe>Bloomberg. Дзейная віцэ-прэзідэнтка заявіла, што ў выпадку абрання будзе падтрымліваць інавацыйныя тэхналогіі, у тым ліку лічбавыя актывы.

«Я аб'яднаю працоўную сілу, заснавальнікаў малога бізнэсу, наватараў і буйныя кампаніі. Мы будзем супрацоўнічаць, каб інвеставаць у канкурэнтаздольнасць Амерыкі, інвеставаць у будучыню Амерыкі. Мы будзем заахвочваць інавацыйныя тэхналогіі, такія як ШІ і лічбавыя актывы, абараняючы пры гэтым нашых спажыўцоў і інвестараў», - заявіла Гарыс 22 верасня, прадстаўляючы сваю эканамічную праграму на сустрэчы са спонсарамі Дэмакратычнай партыі ў Нью-Ёрку.

Гэта першы раз, калі Гарыс раскрыла сваё стаўленне да крыптасектара ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, паведамляюць журналісты. Крыптаіндустрыя стала важнай тэмай для кандыдатаў перад прэзідэнцкімі выбарамі 2024 года, бо ўдзельнікі галіны і інвестары стаміліся ад невыразнага рэгулявання крыптасферы за Джо Байдэнам і імкнуцца ўзмацніць сваю пазіцыю часткова за кошт значных палітычных ахвяраванняў, гаворыцца ў паведамленні.

Кандыдат ад рэспубліканцаў Дональд Трамп адкрыта падтрымлівае крыптавалюты і шмат пра гэта кажа. На мінулым тыдні перад сустрэчай з выбарцамі Трамп расплаціўся ў біткоінах за бургеры ў нью-ёркскім бары і назваў гэта «гістарычным момантам».

Пазіцыя Гарыс па крыптавалютах была агучаная на мерапрыемстве па зборы сродкаў на выбарчую кампанію, пасля якога ўдалося прыцягнуць $27 млн. Са слоў прадстаўніка Гарыс, гэта стала найбуйнейшай сумай за адну сустрэчу са спонсарамі, з таго часу, як яна стала кандыдатам у прэзідэнты.

Кошт уваходных квіткоў на сустрэчу вар'яваўся ад $500 тысяч да амаль $1 млн. Самыя дарагія квіткі ўключалі магчымасць сфатаграфавацца з Гарыс або наведаць іншыя сустрэчы з ёй для галоўных спонсараў.

Журналісты адзначаюць, што Гарыс удалося сабраць значна больш сродкаў на сваю перадвыбарчую кампанію, чым Трампу. На пачатак верасня дэмакраты сабралі $404 млн, у той час як рэспубліканцы - $295 млн.

Гарыс збірае грошы не толькі на «жывых» сустрэчах, але і анлайн, а таксама прыцягнула мноства чальцоў Дэмпартыі ў якасці сваіх «намеснікаў» пры зборы сродкаў, піша выданне. Сярод іх яе муж Дуг Эмхоф, губернатар Мінесоты Цім Уолц і былы прэзідэнт Барак Абама - толькі ён на сваіх мерапрыемствах сабраў як мінімум $76 млн на кампанію Гарыс.

Прагнозы ўдзельнікаў крыптарынка па выніку прэзідэнцкай гонкі часткова адлюстраваныя ў стаўках на Polymarket. На гэты момант 52% карыстальнікаў ставяць на Харыс, 47% - на Трампа. Доля кандыдаткі ад дэмакратаў вырасла пасля абвяшчэння яе пазіцыі па крыптавалютах. Днём раней доля Гарыс складала 49%.

Апошнія навіны