BE RU EN

The Washington Post: Пуцін шукае новыя «чырвоныя лініі»

  • 23.09.2024, 11:23

Ядзерны шантаж больш не працуе.

У Крамлі ўсё больш усведамляюць, што Захад не паддаецца на ядзерныя пагрозы дыктатара Уладзіміра Пуціна, таму ён шукае новыя спосабы ўмацаваць свае "чырвоныя лініі".

Аб гэтым піша амерыканскае выданне The Washington Post.

Аўтары публікацыі нагадваюць, што, калі Пуцін папярэдзіў, што ўхвала Захадам таго, што нанясенне Украінай удараў высокадакладнай заходняй зброяй па тэрыторыі Расеі будзе азначаць, што краіны NATO наўпрост удзельнічаюць у вайне, расейскія прапагадысты "забразгацелі ядзернай зброяй".

"Але ўнутры Крамля расце разуменне, што паўторнае выкарыстанне ядзернай пагрозы пачынае страчваць сілу, а чырвоныя лініі Масквы ўвесь час перасякаюцца", – пішуць аўтары артыкула.

Са слоў аналітыкаў і чыноўнікаў, блізкіх да высокапастаўленых расейскіх дыпламатаў, Пуцін шукае больш тонкі і абмежаваны адказ на дазвол Захаду Украіне выкарыстоўваць ракеты большай далёкасці для ўдараў па РФ.

Адзін з суразмоўцаў The Washington Post, які пажадаў захаваць ананімнасць, зазначыў, што імунітэт на ядзерныя пагрозы ўжо выпрацаваўся, "і яны нікога не палохаюць".

Пры гэтым яшчэ адзін суразмоўца выдання, расейскі акадэмік, які таксама мае сувязі з расейскімі дыпламатамі, назваў ядзерны сцэнар “найменш магчымым”.

У сваю чаргу заснавальнік французскага палітычнага кансалтынгавага агенцтва R-Politik Таццяна Станавая сцвярджае, што ёсць варыянты, якія Пуцін не хоча выкарыстоўваць, а ёсць такія, разгледзець якія ён гатовы сёння.

На яе думку, ядзерныя меры або напад на тэрыторыю NАТО будзе разглядацца выключна ў тым выпадку, калі "Пуцін адчуе пагрозу існаванню Расеі ў яе цяперашнім выглядзе, калі ён палічыць, што няма іншага выйсця".

Аднак дыктатар па-ранейшаму знаходзіцца пад ціскам, які патрабуе ад яго рэакцый і спынення пастаяннага перасячэння чырвоных ліній.

Акрамя таго, Пуцін бачыць тэндэнцыю, калі заходнія саюзнікі працягваюць дазваляць Украіне пашыраць сваю дзейнасць і, паводле слоў Станавой, яна палохае яго, асабліва, калі гэтая тэндэнцыя прыводзіць да павелічэння ракетных удараў па тэрыторыі РФ.

Адзначаецца, што Масква можа адказаць дыверсійнымі аперацыямі супраць ваенных мэт ці іншай інфраструктуры на Захадзе, дзе ўдзел РФ было б цяжка даказаць. Аднак, "ён не хоча, каб сітуацыя перарасла ў нешта драматычнае або радыкальнае".

Пры гэтым палітолаг Сяргей Маркаў, звязаны з Крамлём, заявіў, што ў вышэйшых эшалонах улады расце разуменне таго, што РФ шмат казала пра чырвоныя лініі, але нічога не зрабіла.

“У нейкі момант нам давядзецца пайсці на эскалацыю”, - заявіў Маркаў, дадаўшы, што Расея ўпэўненая, што ўдары па Маскве ў нейкі момант будуць, таму ёй неабходна нанесці ўдар першай.

Пры гэтым суразмоўцы выдання таксама ўказалі на тое, што сябры кампаніі кандыдата ў прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа зрабілі пагрозы Масквы адным з галоўных пытанняў яго перадвыбарнай кампаніі.

На думку Маркава, Пуцін можа паспрабаваць павялічыць пагрозу і разыграць "залатую карту", абвастрыўшы сітуацыю перад выбарамі прэзідэнта ЗША. Такім чынам "ЗША будуць баяцца ядзернай вайны, а Трамп пераможа".

Аднак зараз Пуцін яшчэ думае, чым замяніць сваю стратэгію і ніхто не разумее, якія адказы ён выбера для кожнага дзеяння.

Апошнія навіны