BE RU EN

ISW распавёў, што значыць няўдача выпрабаванняў ядзернай ракеты «Сармат»

  • 23.09.2024, 9:26

Гэта чацвёртае фіяска расейцаў.

Хаця чарговая няўдача выпрабаванняў найноўшай расейскай ракеты "Сармат", здольнай несці ядзерны зарад, не сведчыць аб неэфектыўнасці "старых" ядзерных сістэм Расеі, гэтая няўдача паказвае на праблемы, з якімі сутыкнуліся расейскія распрацоўшчыкі ракет на фоне вайны супраць Украіны.

Пра гэта ідзе размова ў новай зводцы Інстытута вывучэння вайны ISW.

Аналітыкі ISW пракаментавалі спадарожнікавыя здымкі пашкоджанняў на касмадроме Плясецк у Архангельскай вобласці РФ, якія былі зроблены 21 верасня і сведчаць аб тым, што Расея нядаўна правяла няўдалыя выпрабаванні міжкантынентальнай балістычнай ракеты (МБР) РС-28 "Сармат" [здольнай несці ядзерны зарад]. На здымку бачны вялікі кратар у раёне стартавай ракетнай шахты Юбілейная, дзе расейскія войскі раней праводзілі тэставыя запускі ракеты «Сармат», а таксама чатыры пажарныя машыны, якія відавочна ліквідавалі невялікія актыўныя пажары паблізу разбуранай шахты.

OSINT-аналітыкі адназначна ўказалі на тое, што гэтыя выявы сведчаць аб няўдалым выпрабаванні "Сармата", аднак агучылі розныя версіі наконт таго, ці адбыўся выбух паблізу шахты або падчас запуску, або перад стартам ракеты падчас яе запраўкі палівам. Таксама паведамляецца, што менавіта гэтая ракетная пляцоўка была пераабсталявана спецыяльна для правядзення пускаў ракет "Сармат".

Спецыялісты ISW нагадваюць, што Расея спадзяецца замяніць "Сарматамі" больш старыя міжкантынентальныя балістычныя ракеты савецкай эпохі "Ваявода" і паскорыла распрацоўку ракет "Сармат" пасля таго, як расейскае ўварванне ва Украіну ў 2014 годзе паралізавала пастаўкі дэталяў для ракет “Ваявода” з Украіны. Аднак распрацоўка ракеты "Сармат" сутыкалася з неаднаразовымі затрымкамі, канстатуюць аналітыкі Інстытута. А новае няўдалае выпрабаванне, магчыма, стала ўжо чацвёртым зафіксаваным няўдалым выпрабаваннем ракет "Сармат" на сёння.

Расея паспяхова выпрабавала "Сармат" толькі адзін раз - у красавіку 2022 года. Пазней паведамлялася, што ракета гэтага тыпу была пастаўленая войску РФ на баявое дзяжурства ў верасні 2023 года. Новае відавочна няўдалае выпрабаванне "Сармата" не абавязкова паказвае на тое, што наяўная ў Расеі ядзерная трыяда нейкім чынам з'яўляецца менш эфектыўнай, чым была раней, папярэджваюць у ISW. Аднак гэта сведчыць аб тым, што распрацоўка новых ракетных магчымасцей застаецца значным выклікам для РФ пад націскам міжнародных санкцый і патрэбнасцей расейскага абаронна-прамысловага комплексу ва ўмовах вайны Расеі супраць Украіны, рэзюмуюць у ISW.

Апошнія навіны