BE RU EN

Куды і за колькі беларусы могуць паляцець да цёплага мора ў кастрычніку

  • 22.09.2024, 21:19

Расказалі турэксперты.

У якія краіны могуць скіравацца на адпачынак беларусы ў аксамітны сезон, каб прадоўжыць лета, і колькі гэта будзе каштаваць, вывучыў Myfin.by.

Егіпет

Гэта папулярная ў беларусаў краіна круглы год, у асноўным праз даступнасць у кошце. Курорты прымаюць гасцей у любы час года, асабліва папулярны ў турыстаў такі від адпачынку, як падводнае плаванне. Азмрочыць адпачынак тут можа няправільна абраны гатэль. Тураператары раяць уважліва выбіраць апартаменты, вывучаць суадносіны кошту / якасці і рэйтынг гатэля.

Паводле звестак менскіх турфірмаў, тур у Шарм-эш-Шэйх у сярэдзіне кастрычніка на 10 начэй у фармаце «ўсё ўключана» абыдзецца ад 2,5 тысячы даляраў на дваіх. Калі выбіраць чатырохзоркавы гатэль, то мінімальны кошт вырасце да 3 тысячаў даляраў. Крыху зэканоміць можна, вылецеўшы ў Егіпет з Віцебска.

ААЭ

ААЭ папулярныя ў беларусаў дзякуючы цёплым водам Персідскага заліва, пясчаным пляжам на любы густ і добраму сэрвісу. Аб'яднаныя Арабскія Эміраты традыцыйна ўваходзяць у топ-5 краінаў, дзе адпачываюць беларусы.

«Паляцець на Фуджэйру (эмірат славіцца пясчанымі пляжамі) у сярэдзіне кастрычніка на 10 начэй будзе каштаваць блізу трох тысячаў даляраў на ўсё ўключана (добры гатэль). У Рас-эль-Хайме можна адпачыць у досыць добрым гатэлі за 2,6 тысячы даляраў на дваіх у аналагічны перыяд», – расказалі выданню ў адной са сталічных турфірмаў.

Турцыя

Турцыя – лідарка сярод краінаў, дзе любяць адпачываць беларусы. Паляцець на турэцкія курорты можна штодзень з Менска, Берасця, Віцебска і Гомеля. З сярэдзіны кастрычніка і ў лістападзе турысты змогуць адпачыць у добрых гатэлях танней, чым улетку, адзначылі ў кампаніі «Аэрабелсэрвіс».

«Напрыклад, адпачынак у адным і тым гатэлі ў пачатку кастрычніка на дваіх на 9 начэй будзе каштаваць 3150 еўраў (курорт Сідэ, гатэль 5*), а ў лістападзе ўжо – 2415 еўраў. Кошт для дваіх дарослых і аднаго дзіцяці ў кастрычніку складае 3924 еўры, у лістападзе – 3000, гэта значыць розніца амаль на тысячу еўраў, і гэта адпачынак у "пяцёрцы"», – расказалі эксперты.

Праўда, зазначаецца, што на кастрычнік многія папулярныя турэцкія гатэлі ўжо занятыя.

Гоа (Індыя)

Гэтае экзатычнае месца знаходзіцца на заходнім узбярэжжы Індыі. Тут цеплыня круглы год, але лепш туды ляцець у перыяд з кастрычніка да сакавіка. Галоўнае, што вабіць турыстаў, – трапічныя пляжы, якія цягнуцца больш чым на 100 кіламетраў.

З Менска тураператары прапануюць камбінаваныя туры ў Індыю. Да прыкладу, тур «Залаты трыкутнік» плюс пляжны адпачынак на 14 дзён, з якіх палову займае экскурсійны тур і палову – адпачынак на моры. У канцы кастрычніка на дваіх дарослых тур будзе каштаваць ад 3,6 тысячы даляраў. Можна выправіцца туды з Масквы чартарным рэйсам. У пачатку лістапада тур на дваіх на 10 начэй абыдзецца ад 1,5–1,6 тысячы даляраў з «сняданкамі».

Тайланд

Тайланд апошнім часам таксама стаў папулярным у беларусаў кірункам праз прыгожыя пляжы, цёплае мора і добры выбар экскурсій. Самы даступны коштамі курорт – Патая. Таксама запатрабаваны ў многіх падарожнікаў самы вялікі востраў краіны – Пхукет.

Адпачыць на Пхукет у гэты перыяд можна ад 1,8 тысячы еўраў на дваіх з вылетам з Масквы. Даўжыня тура – 9–10 начэй. Прываблівае беларусаў і тое, што візу можна зрабіць пасля прылёту.

В'етнам

Цяпло ў кастрычніку будзе і ў В'етнаме. Турыстаў прываблівае тут цёплы трапічны клімат, экзатычныя славутасці і прырода. Беларусам сюды не патрэбная віза, калі ехаць не больш як на месяц. Паляцець у В'етнам можна на чартарных рэйсах з Масквы з перасадкай у Казахстане. У кастрычніку кошты пачынаюцца ад 2,5 тысячы на дваіх з адпачынкам на 9–10 начэй.

Балі

Востраў Балі – адно з самых папулярных месцаў для адпачынку ў турыстаў з усяго свету. Лепш за ўсё туды ляцець з сярэдзіны красавіка да канца кастрычніка, бо ў іншы час там сезон дажджоў і моцная спякота.

Мінімальны кошт тураў у кастрычніку пачынаецца ад 3,5 тысячы даляраў на дваіх. Гэта будуць рэйсы з перасадкай у ААЭ (Дубай) або Катары (Доха). Калі турыст хоча чагосьці лепшага, трэба разлічваць ад 5 тысячаў даляраў.

Кітайскі востраў Хайнань

Ён знаходзіцца ў Паўднёвым Кітаі, вядомы сваімі беласнежнымі пляжамі, крышталёва чыстым морам і вялікім выбарам забаваў. З кастрычніка тут пачынаецца сухі сезон, ён доўжыцца да красавіка. Беларусы могуць адпачываць тут без візаў. Прамы рэйс з Масквы («Аэрафлот») у кастрычніку абыдзецца ад трох тысячаў даляраў на дваіх на 11 начэй са сняданкамі (гатэль 4*).

Апошнія навіны