BE RU EN

Прэзідэнтам Шры-Ланкі стаў марксіст, які абяцаў перапісаць гісторыю краіны

  • 22.09.2024, 19:29

Дзейны прэзідэнт Раніла Вікрамесінххэ апынуўся на трэцім месцы.

Кандыдат ад левага альянсу «Нацыянальная народная ўлада» (NPP) Анура Кумара Дысанаяке абраны прэзідэнтам Шры-Ланкі, піша Ada Derana са спасылкай на выбаркам.

55-гадовы Дысанаяке, лідар марксісцкай партыі «Джанатха Вімукці Перамуна» перамог на выбарах, якія прайшлі напярэдадні, набраўшы 42,31% галасоў. Другое месца заняў Саджыта Прэмадасу з «Аб'яднанай нацыянальнай сілы» (32,76%). Дзейны прэзідэнт Раніла Вікрамесінхэ апынуўся на трэцім месцы (17,27%).

Дысанаяку ўжо ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах у 2019 годзе, тады ён атрымаў крыху больш за 3% галасоў. Ягоная перамога на сёлетніх выбарах сведчыць, што выбарнікі стаміліся ад «старой палітычнай гвардыі», якую абвінавачваюць у тым, што яна падштурхоўвае Шры-Ланку да эканамічнай нестабільнасці, адзначае выданне.

Абраны прэзідэнт пасля перамогі заявіў пра гатоўнасць «перапісаць гісторыю Шры-Ланкі».

«Гэтую мару можна здзейсніць, толькі пачаўшы ўсё спачатку. Адзінства сінгальцаў, тамілаў, мусульманаў і ўсіх жыхароў Шры-Ланкі з'яўляецца асновай гэтага новага пачатку. Новы Рэнесанс, да якога мы імкнемся, узнікне на аснове гэтай агульнай сілы і візіі», – падкрэсліў ён.

Дысанаяке падчас перадвыбарнай кампаніі абяцаў правесці радыкальныя рэформы, змагацца з карупцыяй, пакласці канец кумаўству, стабілізаваць эканоміку.

Кажучы пра знешнюю палітыку, ён заяўляў у інтэрв'ю The Week: «Наш падыход будзе заключацца ў забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі і адначасовым выкарыстанні эканамічных магчымасцяў у сваіх інтарэсах. Аднак мы адданыя захаванню нашага суверэнітэту і не будзем падпарадкоўвацца якой-небудзь сіле ў гэтай геапалітычнай гонцы. Мы верым у неабходнасць правядзення моцнай знешняй палітыкі, якая адпавядае глабальным умовам і эфектыўна служыць нашым нацыянальным інтарэсам».

Апошнія прэзідэнцкія выбары ў краіне адбыліся ў 2019 годзе, на іх атрымаў перамогу Гатабая Раджапакса. Аднак улетку 2022 года ён уцёк з краіны на фоне масавых пратэстаў праз эканамічны крызіс. Парламент прызначыў замест яго былога прэм'ер-міністра Раніла Вікрамесінххэ.

Апошнія навіны