BE RU EN

Літва хоча перадаць Украіне арыштаваныя пажарныя машыны з Беларусі

  • 21.09.2024, 15:32

Да Зімбабвэ яны не даехалі.

Літва разглядае магчымасць перадачы Украіне 17 пажарных машынаў, набытых Зімбабвэ, якія былі затрыманыя ў Клайпедзе летась праз санкцыі, паведамляе літоўскае агенцтва BNS.

– Праводзіцца дасудовае расследаванне, і пракурор прыняў пастанову, калі я не памыляюся, 17 машынаў, якія павінны былі рушыць у Зімбабвэ, павінны быць канфіскаваныя, і стаіць пытанне пра магчымую перадачу Украіне, – заявіла журналістам генеральная пракурорка Ніда Грунскене.

На мінулым тыдні дзяржаўны партал навінаў ПАР The Herald апублікаваў заклік да Літвы перадаць 17 аўтамабіляў, набытых Зімбабвэ ў Беларусі і затрыманых у Клайпедскім марскім порце ў сакавіку летась.

– Ёсць пастанова пракурора, у якой мы паведамляем пракуратуры Зімбабвэ, што гэтыя 17 аўтамабіляў канфіскаваныя, паколькі кампанія, якая вырабляла аўтамабілі, знаходзіцца пад санкцыямі, і сама Зімбабвэ таксама пад санкцыямі, – патлумачыла Грунскене.

Паводле ейных словаў, пра гэтую пастанову афрыканская дзяржава таксама была праінфармаваная праз дыпламатычныя каналы. У Зімбабвэ ёсць яшчэ права на апеляцыю.

Партал ZimLive таксама адзначае, што сёлета ў Літву прыязджаў генеральны пракурор Зімбабвэ, каб вярнуць аўтамабілі.

Апошнія навіны