BE RU EN

Ізраільскі бізнэсмэн заявіў, што супрацоўнічаў з іранскай выведкай, каб утрымліваць беларускую жонку

  • 21.09.2024, 14:02

Што пра яе вядома?

Ізраільская выведка затрымала 73-гадовага бізнэсмэна Моці Мамана. Мужчыну абвінавачваюць у тым, што ён двойчы таемна пранікаў у Іран праз Турцыю, каб сустрэцца з супрацоўнікамі іранскай выведкі. Сам бізнэсмэн патлумачыў, што на злачынства пайшоў праз жонку-беларуску, якую «дорага ўтрымліваць». «Наша Ніва» сабрала ўсё, што вядома пра гэтую жанчыну.

Беларуску клічуць Наталля Маман. Яна родам з Берасця. Жанчына працавала на Менскім заводзе вінаградных вінаў кіраўніцай аддзела.

НАТАЛЛЯ МАМАН (ЗЛЕВА)

Якім чынам Наталля пазнаёмілася з Моці, які старэйшы за яе на 36 гадоў, невядома. Аднак як мінімум з вясны 2019 года на старонцы ізраільцяніна ў Facebook пачалі з'яўляцца фота беларускі. У 2020-м годзе пара распісалася. Тады Наталлі было крыху больш за 30 гадоў.

Гэта другі шлюб для Наталлі. У яе ёсць дзіця ад першага шлюбу. Паводле звестак расследавальнікаў, у жанчыны быў канфлікт з былым мужам наконт вывазу дзіцяці ў Ізраіль. Але ў выніку пары пытанне развязала і апошнія гады Наталля з сынам жыла ў Ізраілі. Перыядычна жанчына з другім мужам прыязджала ў Беларусь.

Нагадаем, затрыманы жыхар поўдня Ізраіля Моці Маман абвінавачваецца ў тым, што ён двойчы таемна пранікаў у Іран праз Турцыю, каб сустрэцца з супрацоўнікамі іранскай выведкі.

Паводле версіі ізраільскіх праваахоўнікаў, падчас гэтых сустрэчаў абмяркоўваліся магчымыя планы нападу на прэм'ер-міністра Ізраіля Нетаньяху і іншых высокапастаўленых службовых асобаў краіны.

На допытах Моці Маман паспеў агучыць некалькі версій таго, што падштурхнула яго наладзіць кантакты з іранскай выведкай. Адна з іх – жонка-беларуска.

– У мяне жонка з Беларусі, яе дорага ўтрымліваць. Калі б я жыў у Беларусі, там усё танна, а тут выйсці папіць піва каштуе 120 шэкеляў (блізу 30 даляраў. – Заўв. рэд.). Мне патрэбныя былі грошы, грошы мяне асляпілі, – казаў Моці ў паліцыі.

Апошнія навіны