BE RU EN

«Страляць трэба ў бок Масквы»

  • 21.09.2024, 13:53

Палкоўнік УСУ расказаў, як Украіна змагла перамяніць фронт.

Аперацыя ў Курскай вобласці адкрыла для Украіны магчымасці, на якія раней нават не выпадала спадзявацца. Майстэрскі наступ змог змяніць архітэктуру фронту на вайне.

Пуцін хоча як мага хутчэй выцесніць УСУ з Куршчыны, але пакуль вынікаў няма. Пра далейшыя перспектывы пашырэння фронту і стварэнне буфернай зоны ў Расеі «24 Каналу» расказаў Раман Світан – палкоўнік запасу УСУ, лётчык-інструктар, ваенны эксперт.

Змяненне архітэктуры фронту

Наступ на Курскую вобласць стаў для расейцаў нечаканасцю, якую ўдала выкарысталі ўкраінскія вайскоўцы. Перавагі ўтрымання кантролю над часткай расейскай тэрыторыі ёсць не толькі на тактычным узроўні.

«Нам даўно трэба было ламаць архітэктуру фронту. Расейцы навязалі нявыгаднае для нас, але выгаднае для іх размяшчэнне фронту. Яны разгарнулі фронт на поўдзень ад Масквы. Груба кажучы, мы страляем у бок Растова, Керчы, Марыюпаля – гэта ўсё ад Масквы. Таму, каб зламаць архітэктуру фронту і пабудаваць яго нанова, нам трэба страляць у бок Масквы», – падкрэсліў Раман Світан.

Так, нядаўна дроны і ракеты зноў паляцелі ў «намоленае расейцамі месца» – у Маскоўскую вобласць.

«Трэба біць у бок сталіцы, у месца прыняцця пастановаў. Гэта асноўная задача. Яе можна выконваць з любога пункта: дальнабойныя ўдары з нашай ці іх тэрыторыі. Мы таксама павінны наступаць і абараняцца ад Расеі па ўсёй мяжы. У нас вайна атрымлівалася такой цікавай – "зааскольнай". Да Аскола мы не ваюем, збіраем грыбы і кветкі, а толькі за Асколам пачынаем ваяваць», – заўважыў палкоўнік запасу.

Удакладнім, што Світан мае на ўвазе раку Аскол, якая праходзіць на мяжы Харкаўскай і Данецкай абласцей, а таксама цячэ ў Курскай і Белгародскай вобласці.

«Так не бывае, калі ідуць поўнамаштабныя дзеянні і дзве краіны ваююць адна супраць адной. 600 кіламетраў мяжы павінны стаць 600 кіламетрамі фронту. Аптымальны варыянт – ствараць сістэму фартыфікацый, мінныя палі на расейскай тэрыторыі. Каб міны, якія мы ў канцы закапаем у расейскую, а не сваю зямлю, выкопвалі яшчэ гадоў 50», – перакананы Світан.

Найлепшы варыянт для стварэння буфернай зоны

Для стварэння буфернай зоны ўкраінскім вайскоўцам неабходна ўтрымліваць частку расейскай тэрыторыі, беручы да ўвагі геаграфічныя асаблівасці. Напрыклад, рэкі могуць стаць натуральнай абарончай лініяй.

«Аптымальны варыянт на Куршчыне – гэта левы бераг Сейма. Рака Сейм бярэ пачатак у Белгародскай вобласці і далей ідзе праз Курскую. Левы бераг Сейма можна ўтрымліваць і прыкрывацца ім, каб абараніць Сумскую і Харкаўскую вобласці», – растлумачыў ваенны эксперт.

Пры такім варыянце для абароны можна выкарыстоўваць меншую колькасць вайскоўцаў у параўнанні з той колькасцю, якая патрэбная для наступу ў гэтым раёне.

Апошнія навіны