BE RU EN

УСУ пад Курахавам спалілі 44 адзінкі тэхнікі РФ

  • 21.09.2024, 11:59

Баявую працу «цмокаў» паказалі на відэа.

Расейскія войскі 12 верасня распачалі маштабную атаку на ўкраінскія пазіцыі ў раёне Курахава Данецкай вобласці, выкарыстоўваючы 46 адзінак тэхнікі, што стала своеасаблівым рэкордам для дадзенага кірунку. А 19 верасня акупанты кінулі ў бой яшчэ больш бронятэхнікі – 52 адзінкі, аднак абедзве атакі цалкам праваліліся, бо ўкраінскія байцы сустрэлі іх шквальным агнём, знішчыўшы большую частку бронемашынаў. Пра гэтыя баявыя эпізоды расказалі аглядальнікі Forbes.

Украінская 46-я аэрамабільная брыгада паспяхова адбіла атакі, ужываючы беспілотнікі з тэрмітнымі боепрыпасамі, артылерыю, танкі і пяхоту. У выніку было знішчана або пашкоджана 44 з 98 расейскіх машынаў, а страты сярод асабовага складу расейскага войска толькі падчас другой атакі склалі 72 чалавекі.

На канале Special Kherson Cat у сетцы X было апублікаванае відэа баявой працы ўкраінскіх падраздзяленняў. Аўтары паста ўдакладнілі, што байцы Сілаў абароны 12 верасня знішчылі 15 баявых машынаў, з іх 9 БМП, 2 танкі, 2 БТР і 2 матацыклы, а таксама вывелі са строю 11 БМП.

Стратэгічнае значэнне і запаволенне наступу

Выданне адзначае, што асноўная мэта расейскіх атак на гэтым кірунку – захоп апорнага пункта УСУ ў Пакроўску, які знаходзіцца за 32 кіламетры на паўночны захад ад Курахава. Нягледзячы на мінулыя поспехі ў прасоўванні на гэтым кірунку, расейскія войскі спыніліся ўсяго за 10 кіламетраў ад Пакроўска і не змаглі прадоўжыць наступ.

Паводле ацэнкі Цэнтра абаронных стратэгій (CDS), запаволенне расейскага наступу звязанае з нястачай рэсурсаў для адначасовага вядзення наступальных аперацый на некалькіх франтах, што таксама назіраецца ў раёне Запарожжа і на ўкраінскім выступе ў Курскай вобласці Расеі.

Але сітуацыя ўскладняецца і для ўкраінскага боку. Кіеў змушаны размяркоўваць сілы паміж абаронай на ўсходзе і поўдні і ўласным наступам у Курскай вобласці. Нягледзячы на прыбыццё новых брыгадаў украінскай Нацыянальнай гвардыі, праблема нястачы сучаснай бронятэхнікі для шэрагу падраздзяленняў застаецца актуальнай.

Апошнія навіны