BE RU EN

«Я прыехала ў 4:50 і была ў чарзе 77-й»

  • 20.09.2024, 21:29

Як рыелтарка набывала для сяброўкі кватэру ў элітным ЖК Менска.

Навінамі, што беларусы вартуюць начамі пад офісам дзяржаўных забудоўнікаў, каб мець магчымасць даволі нядорага пабудаваць кватэру, наўрад ці каго здзівіш. Але начная чарга па элітную нерухомасць – гэта нешта новае, піша «Наша Ніва».

Пра квэст з набыццём нерухомасці ў Менску расказала ў TikTok блогерка-рыелтарка, якая пераехала з Рыгі ў Менск. У беларускай сталіцы жанчына таксама працуе паводле спецыяльнасці.

Яна расказала ў роліку, што кватэру ў ЖК «Паўночны бераг» яе папрасіла праз даверанасць набыць сяброўка, якая жыве ў Нямеччыне.

– Я прыехала да офіса продажаў у 4:50 раніцы, а тут ужо чарга. Я 77-я ў чарзе. Уяўляеце? Офіс адчыняецца а 9-й раніцы. Магчыма, да гэтага часу кватэры ўжо скончацца. Некаторыя ўжо спяць у машынах – запісаліся і адпачываюць. Вось так у Менску прадаюць кватэры – трэба стаць у чаргу за тры дні, і, можа быць, атрымаецца набыць.

У наступным відэа жанчына расказала, што выйшла з офіса продажаў у 12:47. Яна здолела зарэзерваваць для сяброўкі двухпакаёвую кватэру плошчай 50 квадратных метраў. Адзін квадратны метр каштаваў блізу 1470 еўраў.

– Тыя, хто кажуць, што ў Менску ў асноўным набываюць кватэры замежнікі, – гэта няпраўда. І нават не перакупнікі. Чарга была вялікая, крыху да бойкі не дайшло.

Рыелтарка дзеліцца, як была арганізаваная чарга. Былі ініцыятыўныя людзі, якія з панядзелка вартавалі пад офісам продажу і склалі свае спісы. Старт продажаў быў у чацвер, 19 верасня – у гэты дзень прыехала і рыелтарка. Зразумела, што не ўсе людзі тры дні не адыходзілі ад офіса.

– Тыя, хто прыйшлі раніцай і пачулі: «Вы васьмідзясятыя ў чарзе», – сказалі: «Ідзіце вы… са сваімі чэргамі. Вось я прыйшоў, бачу перад сабой дзесяць чалавек і раблюся адзінаццатым, астатняе мяне не хвалюе». Галоўнае – патрапіць унутр. Запускаюць 10 чалавек у офіс.

Жанчына адзначыла, што ўжо ўнутры супрацоўнікі офіса продажаў складаюць свае спісы, а спісы энтузіястаў з вуліцы яна назвала самадзейнасцю.

– Усім, каго гэта цікавіць: на будучыню не звяртайце ўвагі на ўсе гэтыя самадзейныя спісы. Пажадана мець кантакт з канкрэтным мэнэджарам. Таму што, як мы ўбачылі, людзей, у якіх не было запісу да канкрэтнага мэнэджара і чые кантакты не былі зарэгістраваныя ва ўнутранай сістэме «Паўночнага берагу», абслугоўвалі ў апошнюю чаргу. Прыкладна 100 чалавек зайшлі, усе зарэгістраваліся пад сваім імем і кантактным нумарам. Мэнэджар глядзіць, што з гэтага спісу 10 чалавек – ягоныя кліенты, і забірае іх да сябе.

Атрымалася так, што тыя, хто не кантактаваў загадзя з мэнэджарамі, апынуліся апошнімі ў чарзе, нават калі яны стаялі пад офісам з панядзелка. Многія засталіся незадаволеныя такой сістэмай.

Найбольшай папулярнасцю карысталіся кватэры невялікай плошчы – так званыя еўрастудыі і еўрадвушкі. Менавіта на іх быў самы вялікі попыт. Людзі сышлі расчараванымі, бо калі ў мінулым доме такія кватэры каштавалі 50–60 тысячаў еўраў, то цяпер іх кошт вырас да блізу 75 тысячаў еўраў, у залежнасці ад паверха.

Рыелтарка раіць тым, хто ў будучыні плануе набываць невялікую кватэру (бо вялікія, хутчэй за ўсё, можна будзе набыць у любы час), быць маральна гатовымі фізічна адстойваць сваю чаргу.

– Нам да бойкі сапраўды мала не хапіла. Людзі жартавалі, што вось зараз мы паб'емся, а потым будзем суседзямі, будзем успамінаць, як змагаліся за кватэры. Усё скончылася пазітыўна.

Апошнія навіны