BE RU EN

«Чырвоныя лініі» Пуціна даўно сцёртыя і забытыя»

  • 20.09.2024, 18:42

Паказальнай стала рэакцыя крамлёўскага дыктатара на аперацыю УСУ ў Курскай вобласці.

Хаўруснікі Украіны не стануць удзельнікамі вайны, калі дадуць дазвол Кіеву на ўдары ўглыб Расеі дальнабойнымі ракетамі. Так на пагрозы Пуціна адказаў генеральны сакратар NATO.

Енс Столтэнбэрг нагадаў, што КНДР і Іран даўно пастаўляюць РФ боепрыпасы і беспілотнікі, але пры гэтым не ўважаюцца за непасрэдных ўдзельнікаў вайны. Пуцін імкнецца запалохаць Захад і ізаляваць Украіну, упэўненыя эксперты. Але яго так званыя «чырвоныя лініі» – блеф, інфармуе FREEДOM.

Пуцін папярэдзіў хаўруснікаў Кіева, што калі яны дазволяць выкарыстоўваць свае дальнабойныя ракеты для ўдараў углыб тэрыторыі РФ, то прывядуць NATO «ў стан вайны» з Расеяй. Напады ўкраінскіх беспілотнікаў па аб'ектах на тэрыторыі РФ, бесперапынныя пастаўкі заходняй тэхнікі - гэта толькі частка доўгага спісу так званых «чырвоных ліній» Пуціна, якія даўно пераадоленыя і забытыя. Паказальнай стала рэакцыя крамлёўскага дыктатара на аперацыю УСУ ў Курскай вобласці - толькі праз дзень ён публічна паскардзіўся на нібы правакацыю з боку Кіева.

«Мне падавалася, што нават гэтыя падзеі могуць не закрануць тэфлонавы рэйтынг Пуціна. Але яго дэманстратыўнае маўчанне, адсутнасць удзелу у драматычных падзеях у прыграніччы ўжо прывялі да росту крытыкі на яго адрас. Нават крамлёўскія сацыёлагі паказваюць значны рост трывогі ў насельніцтва і адначасова - падзенне рэйтынгу Пуціна», - пракаментавала заснавальніца агенцтва ExtremeScan Алена Конева ў інтэрв'ю выданню «Радыё Свабода».

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг перакананы, што Пуцін проста баіцца супрацьстаяння ўласнага войска і войск NATO, бо Альянс — наймацнейшая вайсковая сіла ў свеце. Пуцін не аддасць загад аб наўпроставым баявым сутыкненні, мяркуюць эксперты. Ён, хутчэй, звернецца да сваёй упадабанай тактыкі гібрыдных пагроз.

- Адна крыніца паведаміла, што расейскі прэзідэнт не зацікаўлены ў эскалацыі канфлікту аж да ядзернай вайны, але мае бачанне таго, што было апісана як «гарызантальная эскалацыя». Сюды ўваходзяць гібрыдныя атакі, такія як наём агентаў для спальвання камерцыйнай нерухомасці, звязанай з украінскай падтрымкай, або напад на чыгуначную інфраструктуру, якая перавозіць вайсковую дапамогу на ўсход у Кіеў, - з публікацыі выдання The Telegraph.

Прэзідэнт Украіны ўпэўнены - хаўруснікі павінны захоўваць адзінства, інакш Пуцін і яму падобныя здольныя «падзяліць свет і з'есці яго часткі як пірог».

«Часам ён гуляе проста перад некаторымі лідарамі, якія чакаюць ад Пуціна нейкіх эмоцый, хочуць пачуць нешта пра мір. І часам ён можа пасылаць нейкія мэсэджы глабальнаму Поўдню ці яшчэ кудысьці, і яны пачынаюць казаць – бачыце, Пуцін гатовы да дыялогу. Да якога дыялогу? Ён гулец. Ён адчувае гэтую слабасць Захаду і глабальнага Поўдня. Ён знаходзіць тое месца, дзе паміж імі няма адзінства, дзе ў іх розныя інтарэсы. І я думаю, што праблема ў тым, што людзі павінны зразумець, што ягоная місія не ў тым, каб спыніць вайну. Ён нічога не хоча спыняць, бо яму не патрэбна і ён вельмі баіцца паспяховай Украіны», - заявіў кіраўнік Украіны Уладзімір Зяленскі.

У ноч на 18 верасня беспілотнікі атакавалі адзін з найбуйнейшых складоў боепрыпасаў у еўрапейскай частцы РФ - 107-ы арсенал Галоўнай ракетна-артылерыйскай управы Міністэрства абароны Расеі ў Цвярской вобласці. Пажар у Таропцы ўбачылі спадарожнікі, а масавая дэтанацыя боепрыпасаў была настолькі магутнай, што Volcanodiscovery зафіксаваў землятрус магнітудай 2,8 бала. Але Пуцін палічыў за лепшае не заўважыць знікнення чарговай сваёй «чырвонай лініі».

Апошнія навіны