BE RU EN

«Газпрам» панікуе праз станцыю ў Суджы, якую кантралююць УСУ

  • 19.09.2024, 11:27

Расейскі топ-мэнэджмэнт нервуецца.

Кіраўніцтва расейскага «Газпрама» у паніцы праз сітуацыю ў Суджы Курскай вобласці, якую кантралююць УСУ. Газавымяральная станцыя Суджа, праз якую перапампоўваюць газ у Еўропу, нармальна не функцыянуе: там нават няма персаналу. Пра гэта паведамляе выданне Moscow Times.

Нармальная праца газавымяральнай станцыі немагчымая. Кантроль за аб'ёмамі газу, які здаецца ва ўкраінскую газатранспартную сетку для транзіту ў заходнім кірунку, не ажыццяўляецца.

Акумулятары, якія падтрымлівалі працу вымяральнай апаратуры, селі, электрычнасці ў Суджы няма, тэхнічны персанал адсутнічае. Магчымасці наладзіць энергазабеспячэнне і адрамантаваць абсталяванне зараз няма.

Каб выйсці са становішча, «Газпрам» прапанаваў украінскаму боку перанесці пункт здачы транзітнага газу з Суджы на кампрэсарную станцыю Доўгае. Гэта станцыя знаходзіцца за 300 кіламетраў ад Украіны, практычна на мяжы Курскай і Арлоўскай абласцей. З інфармацыі з тых жа крыніц, украінскі бок згоды на перанос не дае.

Журналісты адзначаюць, што калі крыніцы ў «Газпраме» спыталі: «А калі праз нейкі час пад кантролем украінцаў апынецца і станцыя Доўгае?». Адказ быў такі: «Ну, адлегласць мы бралі з запасам. Хоць нельга выключаць, што ў выніку пераносіць пункт здачы газу давядзецца ажно ва Урэнгой».

Інсайдэр нібыта пажартаваў, але ў рэпарцёраў стварылася ўражанне, што рэальнага прасоўвання ўкраінскіх войскаў углыб Расеі суразмоўцы відавочна не выключалі.

І гэта не адзіныя цяжкасці, якія чакаюць "Газпрам", якім кіруе сябар расейскага прэзідэнта Аляксей Мілер. Кампаніі давядзецца ўгаворваць еўрапейскіх кліентаў у Аўстрыі або Славакіі на змяненне кантрактаў. Згодна з планам, які зараз абмяркоўваецца і ў Маскве, і ў Кіеве, кампанія «Газатранспартныя сеткі Украіны» з пачатку 2025 года павінна будзе перапампоўваць транзітам не расейскі газ, а газ, які належыць еўрапейскім пакупнікам, і атрымліваць за транзіт плату не з «Газпрам экспарту» , а з кампаній заходніх краін.

Новае транзітнае пагадненне з «Газпрамам» украінцы падпісваць наадрэз адмаўляюцца.

Аўстрыйцам і славакам давядзецца ўнесці ў кантракты пункт аб прыёме расейскага газу не на ўкраінскай мяжы сваіх краін, а на мяжы Украіны з Расеяй — а мяжу гэтую цяпер замяняе лінія фронту, якая пастаянна перамяшчаецца ў Курскай вобласці. Ці пагодзяцца яны на Доўгае ці які-небудзь іншы пункт на трасе знакамітага газаправода «Урэнгой - Памары - Ужгарад»?

Цяпер лёс гэтага газаправода вызначаюць не расейскія палітыкі і не расейскі манапаліст «Газпрам», а УСУ.

А лёс транзіту расейскага газу праз Украіну будуць вызначаць у Кіеве. Журналісты адзначаюць, што праблемы газавымяральнай станцыі Суджа стануць дадатковым аргументам на карысць радыкальнай пастановы - поўнага спынення гэтага транзіту.

Чым важная газавымяральная станцыя Суджа

Спадарожнікавыя здымкі за жнівень паказалі, што станцыя пашкоджаная. Амаль поўнасцю разбураны адзін з адміністрацыйных будынкаў станцыі, а таксама адна з пляцовак, на якой устаноўленае вымяральнае абсталяванне.

Расея зараз не зможа даведацца аб аб'ёме газу, які пастаўляе ў еўрапейскія краіны, і адпаведна суму, якую ёй павінны за яго заплаціць.

На «Суджы» стаяць міжнародна прызнаныя сертыфікаваныя лічыльнікі, па іх вызначаюць кантрактны аб'ём. Так, Славакіі, Вугоршчыне і Чэхіі патрэбны паказчыкі, каб зразумець, колькі газу яны атрымалі і колькі неабходна заплаціць за яго. Аднак «Газпрам» зараз не кантралюе газавымяральную станцыю.

Трэба разумець, што «Суджа» наўпрост не пампуе газ. Гэтым займаюцца кампрэсарныя станцыі, размешчаныя бліжэй да Курска. УСУ пакуль туды не дайшлі, газ працягваюць пампаваць, але вымераць аб'ёмы ўжо нельга. Украінскі маршрут праз Суджу застаецца адным з двух наяўных для транспартавання расейскага газу ў Еўропу. Другі - Турэцкая плынь, які, відавочна, застанецца адзіным працоўным пасля таго, як у канцы 2024 года закончыцца кантракт на транспартаванне расейскага газу праз Украіну.

Апошнія навіны