BE RU EN

Ва ўрадзе Аўстрыі правераць магчымасць скасавання кантракту з «Газпрамам»

  • 9.07.2024, 20:27

Міністэрства абароны клімату Аўстрыі стварыла спецыяльную камісію.

Міністэрства абароны клімату Аўстрыі стварыла камісію, якая павінна вывучыць кантракт энэргетычнай кампаніі OMV з расейскім «Газпрамам» – які падоўжылі ў 2018 годзе да 2040-га – і вызначыць, ці можна яго датэрмінова спыніць.

Пра гэта паведамляе Kurier.

Як патлумачыла аўстрыйская міністарка клімату Леанор Гевеслер, камісія павінна расследаваць, ці існуе спосаб выйсці з кантракта з «Газпрамам», і прааналізуе палітычныя акалічнасці падаўжэння дзеяння кантракту ў 2018 годзе.

Камісію ўзначаляць былы старшыня Вярхоўнага суда Ірмгард Грыс і прафесар Андрэас Клетэчка. Першыя вынікі павінны быць вядомыя восенню, а канчатковая справаздача – да канца года.

Паводле словаў Гевеслер, «падаўжэнне кантракту ў 2018 годзе было памылкай», а яго змест да гэтага часу вядомы толькі OMV, паколькі гэта прыватная кампанія. У рамках расследавання асобныя сябры камісіі змогуць атрымаць доступ да тэксту дамоўленасці з «Газпрамам».

Кантракт паміж OMV і «Газпрамам» прадоўжылі на дванаццаць гадоў – з 2028 да 2040 года – у прысутнасці тагачаснага канцлера Аўстрыі Себасцьяна Курца і Уладзіміра Пуціна. Публічна вядома толькі, што OMV павінна плаціць «Газпраму» за пастаўлены газ, нават калі ён ёй не патрэбен.

Апошнія навіны