BE RU EN

Politico: Тактыка Орбана можа абярнуцца і супраць яго самога

  • 9.07.2024, 17:48

Вугоршчыну могуць пазбавіць вяршэнства ў Еўрарадзе.

Адразу пасля таго, як Вугоршчына атрымала старшынства ў Еўрарадзе, яе скандальны прэм'ер-міністр Віктар Орбан развіў вельмі бурную замежнапалітычную дзейнасць. Ён наведаў, зрэшты, Кіеў, Маскву і Пекін, прыкрываючыся нібыта намерамі скончыць вайну. Яго сумнеўныя намаганні выклікалі вострае непрыманне ў ЕЗ.

Аб гэтым гаворыцца ў артыкуле Politico.

«Лідары Еўропы закатваюць вочы праз гіперактыўнасць Орбана. Кіраўнікі Еўракамісіі і Еўрарады Урсула фон дэр Ляен і Шарль Мішэль раскрытыкавалі вугорскага лідара, які сваімі дзеяннямі распальвае скандал у Брусэлі», - гаворыцца ў артыкуле.

Асабліва моцна Еўропу абурыла паездка Орбана да крывавага расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, які два з паловай гады вядзе кровапралітную вайну супраць Украіны і не збіраецца спыняцца. Праз пару дзён пасля адбыцця з Масквы вугорскага лідара Пуцін цынічна нанёс ракетны ўдар па дзіцячай лякарні ў Кіеве і іншых цывільных цэлях ва Украіне, забіўшы дзясяткі ўкраінцаў.

Крыніцы ў ЕЗ сцвярджаюць, што ўчынак Орбана «забіў» старшынства Вугоршчыны. Дзяржавы-чальцы блока вельмі ім раздражнёныя.

«З такімі сустрэчамі (маюцца на ўвазе перамовы Орбана з Пуціным - рэд.) старшынствы сканчаюцца, не паспеўшы пачацца», - паведаміла Politico адна з крыніц.

Выданне сцвярджае, што такая актыўнасць Орбана можа тлумачыцца правалам яго партыі на мінулых парламенцкіх выбарах. Прэм'ер Вугоршчыны спрабуе ўзмацніць свае пазіцыі і заручыцца новымі хаўруснікамі, каб утрымацца ў крэсле.

«Тактыка Орбана можа абярнуцца і супраць яго самога. Амбасадары ЕЗ маюць намер абмеркаваць яго нядаўнія паездкі на сустрэчы ў сераду (10 ліпеня - рэд.) у Брусэлі, гэта з'яўляецца першай прыкметай таго, што афіцыйныя асобы ЕЗ могуць перайсці ад адных толькі публічных асуджэнняў да канкрэтных дзеянняў па абмежаванні прэзідэнцтва Будапешта», - гаворыцца ў артыкуле.

Прычынай пазбаўлення Вугоршчыны старшынства можа стаць тое, што Орбан падчас сваіх скандальных паездак прадстаўляў не сваю краіну, а ЕЗ. Лідарам Еўразвязу даводзілася апраўдвацца і падкрэсліваць недатычнасць да ўчынкаў вугорскага прэм'ера.

Непрыманне ў стаўленні да Вугоршчыны працягвае расці, у тым ліку, праз тое, што яна працягвае блакаваць фінансавую дапамогу Украіне.

Еўразвяз мае механізмы, якія дазваляюць пазбавіць Вугоршчыну старшынства. Ці пойдуць на гэта лідары ЕЗ, ці абмяжуюцца апошнім папярэджаннем Орбану, пакуль невядома. Каб адабраць статус у Будапешта, спатрэбіцца ⅘ галасоў у Еўрарадзе.

«Орбан, са свайго боку, не праяўляе ніякіх прыкмет таго, што гатовы прыслухацца да заклікаў Брусэля да стрыманасці», - піша Politico.

Апошнія навіны