BE RU EN

Завод пад Гародняй нечакана сышоў з малатка па рэкордна высокай цане

  • 9.07.2024, 14:08

Не маглі прадаць з 2023-га.

Гэты торфабрыкетны завод, які знаходзіцца за дзесяць кіламетраў ад Гародні, спрабавалі прадаць яшчэ з красавіка 2023 года. Першапачаткова ААТ «Гроднааблгаз», які з'яўляўся яго ўласнікам, хацеў выручыць за аб'ект амаль 8 млн рублёў. Праз адсутнасць попыту таргі не адбыліся. Цэннік на завадскі комплекс імкліва падаў уніз і дасягнуў мінімуму, піша Onliner.by.

Стартавая цана торфабрыкетнага завода на чарговым аўкцыёне пачыналася ад 4400 рублёў.

- У аўкцыёне ўзялі ўдзел 5 заяўнікаў. З іх — чатыры юрыдычныя асобы і адна фізічная асоба. Гандаль доўжыўся больш за дзве гадзіны, усяго было зроблена 2746 ставак. Гэта рэкорд за апошнія паўгода. У выніку кошт лоту вырас да 1212420 рублёў, або блізу $380 тысяч паводле курсу. Пераможцам стала прыватная кампанія, якая займаецца вытворчасцю кармоў для жывёл, - падзяліліся падрабязнасцямі ў «БУТБ-Маёмасці».

Нагадаем, торфабрыкетны завод у Верцялішках пачалі будаваць яшчэ на пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Спачатку торф здабывалі побач, у саміх Верцялішках, а калі запасы вычарпаліся, пераключыліся на радовішча каля Святога возера, паблізу Азёр. Туды праклалі 40 км вузкакалейкі, ад якой да нашых дзён захаваўся толькі 11-кіламетровы адрэзак. Дарэчы, па ім зараз возяць экскурсіі на мотадрызіне.

Апошнія навіны