Беларус прыляпіў да сябе скотчам гільзы і паехаў на мяжу
- 9.07.2024, 11:20
Пры сабе ў яго было яшчэ больш за тысячу куль.
Прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэту (ДМК) заявіла аб канфіскацыі вялікай колькасці куль і гільзаў у двух грамадзян, якія ідуць праз беларуска-польскую мяжу
Як паведамляюць сілавікі, у пункце пропуску «Казловічы» кулі былі знойдзены ў грузавіку Mercedes, якім кіраваў 55-гадовы беларус.
Дзве скрынкі, у якіх перамяшчалася тысяча гібрыдных вінтовачных куль, былі схаваныя ў тэхналагічных нішах інструментальнай скрыні цягача. Кошт куль амерыканскай вытворчасці склаў больш за 7 тысяч рублёў», – паінфармавалі ў ДМК.
Другі выпадак нібыта адбыўся ў пункце пропуску «Берасце». З паведамлення вынікае, што 49-гадовы беларус, які перасякаў мяжу на легкавым аўтамабілі Volkswagen, схаваў кулі і гільзы на сваім целе.
«Пад штанамі апынуліся кулі і гільзы, прымацаваныя клейкай стужкай да ног, яшчэ некаторую колькасць ён размясціў у сваім абутку. Агулам на ім было 200 куль і больш за 100 гільзаў коштам больш за 5 тысяч рублёў. А яшчэ ён «забыўся «задэклараваць аптычны прыцэл, лазерны далямер, трыног да яго, тактычныя жгуты», – дадалі ў ведамстве.
У дачыненні да парушальнікаў былі распачатыя адміністрацыйныя працэсы.