BE RU EN

Украіна і Польшча падпісалі пагадненне аб бяспецы: Што яно прадугледжвае

  • 8.07.2024, 21:03

Падпісанне прайшло сёння ў Варшаве.

Сёння, 8 ліпеня, Украіна і Польшча падпісалі двухбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы бяспекі.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Офіса прэзідэнта Украіны на афіцыйнай старонцы.

З боку Украіны пагадненне падпісаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, а з боку Польшчы – прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Падпісанне прайшло ў Варшаве.

Пагадненне пра гарантыі бяспекі ўпершыню з ужо падпісаных двухбаковых дакументаў прадугледжвае магчымасць перахопу ракетаў і дронаў у паветранай прасторы Украіны, выпушчаных у кірунку Польшчы.

Упершыню будзе створаны «Украінскі легіён», які рыхтуе асабовы склад Сілаў бяспекі і абароны Украіны на тэрыторыі Польшчы. Да яго могуць далучыцца грамадзяне Украіны, якія часова знаходзяцца ў Польшчы і іншых краінах.

Акрамя таго, пагадненне змяшчае блок супрацоўніцтва ў абароннай прамысловасці, сярод іншага, размяшчэнне вытворчасцяў польскіх абаронных кампаній ва Украіне і вывучэнне дадатковых магчымасцяў супольнай абароннай вытворчасці.

Польшча таксама пашырыць сваю дапамогу Украіне, выкарыстоўваючы лагістычны цэнтр POLLOGHUB і супрацоўнічаючы з ЛітпалУкрбрыгам для падтрымкі ўкраінскіх Узброеных сілаў.

Пагадненне накіраванае на паглыбленне супрацоўніцтва ў неваеннай сферы, уключаючы выведку, кібербяспеку, марскую і інфармацыйную бяспеку, а таксама абарону крытычнай інфраструктуры. Асобныя блокі пагаднення датычацца эканамічнага абнаўлення і аднаўлення, памежнай інфраструктуры і развіцця транзітнага патэнцыялу.

Сферы палітычнага супрацоўніцтва паміж Украінай і Польшчай ахопліваюць пытанні еўраінтэграцыі, увасабленне Украінскай формулы міру, санкцыйную палітыку, пакрыццё стратаў, нанесеных Украіне, і змушэнне агрэсара да адказнасці.

Польшча ясна пацвярджае сваю падтрымку ўдзелу Украіны ў ЕЗ і NATO.

Апошнія навіны