«Мы 22 гадзіны на мяжы»
- 8.07.2024, 20:21
Беларускі запісалі пацешнае відэа, як яны праходзілі мяжу з Польшчай.
Дзве беларускі правялі 22 гадзіны на мяжы, спрабуючы патрапіць на аўтобусе з Беларусі ў Польшчу. Пра свой досвед яны расказалі ў TikTok. Некаторыя карыстальнікі паспачувалі падарожніцам, іншыя заўважылі, што 22 гадзіны – гэта яшчэ нічога, піша «Люстэрка».
Першую сцэну роліка дзяўчыны запісалі на запраўцы насупраць зоны чакання ля пункта пропуску «Брэст».
– Мы першую гадзіну на мяжы, – сказалі хорам беларускі.
На дзявятую гадзіну дзяўчаты былі на тым самым месцы. На 13-й гадзіне вандроўніцы ўжо сядзелі ў аўтобусе.
– Мы 15-ю гадзіну на мяжы, – даклалі ціктокеркі ўжо з тэрыторыі пункта пропуску.
– Мы 17 гадзінаў на мяжы, – адрапартавалі яны, стоячы ў крамы Duty Free.
Ролік заканчваецца словамі: «Мяжа засталася на мяжы. Вынік: 22 гадзіны».
Менш чым за дзень ролік сабраў больш за паўмільёна праглядаў. У каментарах карыстальнікі дзяліліся сваім досведам выезду ў Польшчу.
«Мы на Каляды стаялі 52 гадзіны», – напісаў адзін каментатар.
«80 гадзінаў на мяжы. Прашу не зайздросціць», – адказаў іншы.
«Ой, як уяўляю, што хутка паеду, дык адразу жаданне ўсё адпадае. Мой рэкорд – 42 гадзіны на машыне ў бок Польшчы», – падзялілася сваім досведам падпісчыца.
«І тут я зразумела, што мае восем гадзінаў (праўда, на пяклівым сонцы ў машыне без кандзёра) яшчэ глупства… Ненавіджу межы», – напісала яшчэ адна карыстальніца.
Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта на вечар 8 ліпеня, у чарзе на выезд з Беларусі ў Польшчу стаяць 150 легкавушак і 30 аўтобусаў.