BE RU EN

Байдэн заклікаў незадаволеных кінуць яму выклік і вылучыцца ў прэзідэнты

  • 8.07.2024, 19:12

Прэзідэнт ЗША выказаў расчараванне «элітамі», якія падаграваюць дыскусіі пра ягоныя нізкія шанцы перамагчы Трамп.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заклікаў чальцоў Дэмакратычнай партыі, незадаволеных ягоным выступам на першых дэбатах і адмовай зняцца з выбараў, вылучыць уласныя кандыдатуры на пасаду прэзідэнта на партыйным з'ездзе ў жніўні. Палітык таксама заявіў у інтэрв'ю MSNBC, што вельмі засмучаны імкненнем «элітаў» прымусіць яго спыніць кампанію.

«Калі нехта з гэтых людзей не думае, што я павінен балатавацца, выступіце супраць мяне. Наважцеся. Вылучайце сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта – кіньце мне выклік на з'ездзе», – заявіў Байдэн. Дзейны кіраўнік дзяржавы падзяліўся, што яго выводзяць з сябе размовы пра ягонае магчымае зняцце з выбараў пасля няўдачы на дэбатах, і заявіў, што «не збіраецца нікуды сыходзіць».

Партыйны з'езд Дэмакратычнай партыі пройдзе ў Чыкага (штат Ілінойс) 19–22 жніўня. Аднак паводле законаў Агаё для ўключэння ў бюлетэні штата партыям неабходна падаць усю дакументацыю пра сваіх кандыдатаў да 7 жніўня – гэта значыць, за два тыдні да партыйнага з'езда. Таму Нацыянальны камітэт Дэмакратычнай партыі разважаў над тым, каб намінаваць Байдэна віртуальна ўжо 21 ліпеня.

Раней Байдэн таксама накіраваў ліст кангрэсмэнам-дэмакратам, у якім паведаміў, што не стане здымацца сваю кандыдатуру, нягледзячы на публічныя заклікі некаторых з іх. Адной з галоўных прычынаў пастановы не выходзіць з перадвыбарнай гонкі Байдэн назваў вынікі праймерыз, на якіх прыхільнікі дэмакратаў прагаласавалі ў падтрымку дзейнага прэзідэнта. Акрамя таго, на перакананне прэзідэнта ЗША, толькі ён з усёй партыі здольны атрымаць перамогу над Дональдам Трампам.

Першыя прэзідэнцкія дэбаты адбыліся ў ноч з 27 на 28 чэрвеня, арганізатарам выступіў тэлеканал CNN. 67% гледачоў дэбатаў прысудзілі перамогу Дональду Трампу, дзейнага кіраўніка дзяржавы падтрымалі 33% рэспандэнтаў, вынікае з вынікаў апытання тэлеканала. У першыя дні дэмакраты спачатку не публічна, а потым і публічна выказалі занепакоенасць здольнасцю Байдэна атрымаць перамогу на выбарах. Ужо пяцёра кангрэсмэнаў-дэмакратаў – Энджы Крэйг, Лойд Догет, Раўль Грыхальва, Сэт Моўлтан і Майк Куіглі – публічна заклікалі прэзідэнта зняць сваю кандыдатуру з выбараў і, паводле звестак Axios, гэтая колькасць можа вырасці ў найбліжэйшыя некалькі дзён.

Апошнія навіны