BE RU EN

Новы амбасадар Беларусі ў РФ атрымаў паўнамоцтвы віцэ-прэм'ера ў пытаннях стасункаў з Расеяй

  • 8.07.2024, 18:14

Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ.

Амбасадара Беларусі ў Расеі Аляксандра Рагожніка надзялілі паўнамоцтвамі намесніка прэм'ер-міністра ў пытаннях дзейнасці ў рамках «саюзнай дзяржавы» і стасункаў з Расеяй. Адпаведны ўказ падпісаў 8 ліпеня Аляксандр Лукашэнка. Такія самыя паўнамоцтвы былі і ў экс-амбасадара нашай краіны ў РФ Дзмітрыя Крутога, які цяпер займае пасаду кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі.

Рагожнік будзе «ажыццяўляць каардынацыю дзейнасці рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый, падпарадкаваных ураду, прадстаўнікоў Беларусі ў органах Саюзнай дзяржавы, даваць ім абавязковыя для выканання ўказанні і кантраляваць іх рэалізацыю».

«Пры гэтым Аляксандр Рагожнік нясе персанальную адказнасць за прасоўванне нацыянальных інтарэсаў Беларусі ў "саюзнай дзяржаве" і стасункаў з Расеяй», – удакладнілі ў прэс-службе Лукашэнкі.

Акрамя таго, Рагожнік будзе прадстаўляць Беларусь пры Эканамічнай радзе СНД, а таксама выступаць спецпрадстаўніком у пытаннях інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў рамках «саюзнай дзяржавы», ЕАЭС, СНД і АДКБ.

Апошнія навіны