BE RU EN

Пуцін змяніў кіраўніка штабу ВМФ пасля страты апошняга ракетнага карабля Чарнаморскага флоту

  • 8.07.2024, 18:09

Паспяховыя дзеянні УСУ прымусілі РФ вывесці караблі ЧФ з Крыма.

Уладзімір Пуцін прызначыў на пасаду кіраўніка галоўнага штабу ВМФ РФ адмірала Уладзіміра Касатонава, піша РБК са спасылкай на блізкую да Мінабароны РФ крыніцу і на крыніцу ў структурах ВМФ. На гэтай пасадзе Касатонаў зменіць адмірала Аляксандра Насатава, які кіраваў галоўным штабам флоту з кастрычніка 2021 года.

З 2019 года Касатонаў займаў пасаду намесніка галоўнага камандзіра Ваенна-марскім флотам Расеі. Раней ён кіраваў Ваенна-марской акадэміяй імя М. Г. Кузняцова ў Санкт-Пецярбургу. Ягоная кар'ера таксама ўключала пасады кіраўніка штабу і першага намесніка камандзіра Ціхаакіянскага флоту, камандзіра Кольскай флатыліі, а таксама кіраўніка штабу і камандзіра 43-й Дывізіі ракетных караблёў Паўночнага флоту.

У красавіку сёлета Крэмль другі раз з пачатку вайны з Украінай змяніў камандзіра Чарнаморскага флоту. Рэгулярная змена кіраўніцтва ў расейскім Ваенна-марскім флоце адбываецца на фоне вялікіх стратаў, якія панёс ЧФ пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну: пасля 24 лютага 2022 года Чарнаморскі флот страціў 30% сваіх караблёў.

Паводле звестак маніторынгавага праекту Oryx, Украіна, у якой флоту няма ўвогуле, змагла з дапамогай ракетаў і марскіх беспілотнікаў патапіць або пашкодзіць 26 расейскіх караблёў і падлодак, што дазволіла ёй знізіць пагрозу дэсантных аперацый і выкарыстання караблёў РФ для абстрэлаў украінскай тэрыторыі, а таксама ачысціць акваторыю Чорнага мора для экспарту сваёй сельгаспрадукцыі.

У траўні Узброеныя сілы Украіны (УСУ) ударылі па Севастопалі трыма ракетамі ATACMS. У выніку быў знішчаны апошні ракетны карабель ЧФ у Крыме «Цыклон».

Паспяховыя дзеянні УСУ прымусілі Расею вывесці караблі Чарнаморскага флоту з Крыма, дзе яны стаялі 240 гадоў, а патруляваць Чорнае мора ёй цяпер даводзіцца падводнымі лодкамі. Трэніровачныя мерапрыемствы расейскія караблі пачалі праводзіць у Азоўскім моры, паколькі камандаванне УС РФ мяркуе, што яно менш небяспечнае, чым Чорнае.

У канцы чэрвеня Уладзімір Пуцін патрабаваў як мага хутчэй засцерагчы ад удараў расейскі ваенна-марскі флот. «Неабходна абараніць наш флот ад магчымых нападаў ужо на далёкіх подступах да ваенна-марскіх базаў і раёнах дзеяння нашых караблёў», – казаў ён.

Аднак лямант дыктатара праблему не развязаў. У ноч на 3 ліпеня ўкраінскія беспілотныя катары атакавалі горад Новарасійск у Краснадарскім краі, куды Расея перакінула большую частку караблёў Чарнаморскага флоту з Севастопаля пасля ўдараў Узброеных сілаў Украіны.

Апошнія навіны