BE RU EN

Корпусы тусовачнага месца «ОК16» у Менску зноў выставілі на таргі

  • 8.07.2024, 11:25

Пачатковы кошт - прыкладна $3,1 мільёна.

Белгазпрамбанк зноў прадае будынкі па вуліцы Кастрычніцкай, 16, у беларускай сталіцы, піша tochka.by.

Аўкцыён пройдзе 6 жніўня. У лот уваходзяць тры вытворчыя корпусы: г, д, ж. Інфармацыя размешчаная на сайце «ІПМ-Таргі».

Усе будынкі рэалізуюцца ў комплексе, гэта значыць, паасобку набыць іх будзе нельга.

У будынках ёсць натуральнае асвятленне, электра-і водазабеспячэнне, вентыляцыя, кандыцыянаванне, паркоўка, відэаназіранне і кампутарная сетка.

У часткі памяшканняў маюцца арандатары - кампаніі «Шэф-кухар Кейтэрынг» і «Гартлеры».

Агульны пляц - амаль 6200 м2.

Стартавы кошт

Пачатковы кошт лота - Br10 млн, гэта прыкладна $3,1 млн. Крок аўкцыёну - 5% стартавага кошту.

У найбліжэйшай даступнасці ад будынкаў знаходзяцца станцыя метро «Першамайская», набярэжная ракі Свіслач, бары і кавярні, ГЦ «Ленінград».

Адзначым, што раней у комплексе размяшчаўся культурны хаб «ОК16». А ў савецкія часы - корпусы Менскага станкабудаўнічага завода.

Прычым гэта не першая спроба прадаць будынкі на Кастрычніцкай. Аб'екты выстаўлялі на таргі зімой 2022 года. Тады аўкцыён пачыналі з $5 млн.

Апошнія навіны