«Адбываюцца фантастычныя рэчы»
- 8.07.2024, 7:48
Стала вядома, што зрабіла РФ з захопленымі ўкраінскімі караблямі.
Расейцы разрабавалі ўсе ўкраінскія караблі, захопленыя падчас незаконнай анэксіі Крыма.
Пра гэта паведаміў прадстаўнік Вайскова-марскіх сіл УСУ Дзмітрый Плецянчук у інтэрв'ю «Суспільне Крим». З ягоных слоў, перыядычна ў расейцаў можна ўбачыць караблі падобных праектаў.
«Яны іх разрабавалі, наколькі гэта было магчыма, бо ў іх перыядычна можна ўбачыць караблі падобных праектаў. А нават калі караблі не падобных праектаў – у часы саветаў тамака шмат было кампанентаў, якія былі ўнітарнымі. Тыя ж сістэмы ўзбраення, іх можна было пераносіць, і шматлікае іншае. У нейкі момант яны банальна рабавалі, потым некаторыя з іх наважылі выкарыстоўваць у якасці проста мішэняў для правядзення стрэльбаў, некаторыя парэзалі, а з некаторымі караблямі наогул адбываюцца фантастычныя рэчы» – адзначыў Плецянчук.
Ён успомніў аб вялікім дэсантным караблі «Канстанцін Альшанскі». Расейцы дзевяць гадоў запар выносілі з яго ўсё, што маглі, але потым зразумелі, што яго аднавіць будзе лягчэй, чым БДК «Мінск» такога ж праекту. Больш за тое, расейцы прыдумалі яго нефармальна перайменаваць – назваць «Альшанскі» «Мінскам» і «прадаць» гэта сваёй унутранай аўдыторыі як аднаўленне БДК «Мінск».
«Але не так атрымалася, як думалася – ён быў пашкоджаны пры спробе пачаць хадавыя выпрабаванні пасля рамонту», – адзначыў Плецянчук.