BE RU EN

У Беларусі імкліва павялічваюцца запазычанасці ў падатках

  • 6.07.2024, 16:11

Лукашысты б'юць трывогу.

Камітэт дзяржкантролю звярнуў увагу на ўстойлівы рост запазычанасці ў плацяжах падатковым органам. Такая інфармацыя ў заключэнні аб выкананні бюджэту за 2023 год. «Флагштоку» атрымалася азнаёміцца ​​з дакументам

Агульная сума запазычанасці ўсіх беларускіх субʼектаў гаспадарання і фізічных асоб паводле кантраляваных падатковымі органамі плацяжоў на 1 студзеня 2024 года склала 417,4 млн. BYN. Гэта на 32,7% больш, чым летась.

Больш за палову ўсёй запазычанасці (53,7%) узнікла паводле вынікаў правядзення падатковых праверак. Самы вялікі прырост запазычанасці ўтварыўся за кошт падатку на прыбытак. Сума нявыплачанага падатку на прыбытак за апошні год вырасла ў 2,4 разы.

Імклівы рост запазычанасці ў падатковых плацяжах назіраецца ўжо чацвёрты год запар. Не выключэнне і Гомельская вобласць.

Агульная запазычанасць па плацяжах, якія кантралююцца падатковымі органамі агулам па краіне за апошнія тры гады вырасла ў 3,2 раза. За гэты ж час запазычанасць перад падатковымі службамі Гомельскай вобласці вырасла з 6,9 млн. BYN да 19,8 млн. BYN.

На пачатак чэрвеня 2024 г. у спісе даўжнікоў падатковых інспекцый Гомельскай вобласці знаходзілася 677 субʼектаў гаспадарання. Асноўная частка даўжнікоў прыпадае на сельскагаспадарчыя арганізацыі.

Найбольш буйныя прадпрыемствы рэгіёну, якія на сённяшні дзень маюць запазычанасць перад падатковай: Гомельпрамбуд, Будаўнічы трэст №14 і Гомельагракамплект. Усе гэтыя прадпрыемствы адчуваюць значныя праблемы.

Апошнія навіны